• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Рэзалюцыя па Беларусі, візіт у Люксембург, сустрэча з Рабертай Метсолай. Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай 20–26 кастрычніка

    28 кастрычніка, 2025

    ВІЗІТ У СТРАСБУРГ

    З 21 па 22 кастрычніка адбыўся працоўны візіт Святланы Ціханоўскай у Страсбург.

    Цягам насычанага візіту ў Страсбург Ціханоўская: 

    выступіла з прамовай на Пленарнай сесіі Еўрапейскага парламента разам з Сяргеем Ціханоўскім, падчас якой павіншавала лаўрэатаў прэміі Сахарава Анджэя Пачобута і Мзію Амаглабелі;

    – сустрэлася з прэзідэнткай Еўрапейскага парламента Рабертай Метсолай;

    далучылася да пасяджэнняў фракцыяў Renew Europe і партыі Зялёных і сустрэлася з пашыраным складам кіраўніцтва фракцыяў сацыял-дэмакратаў і кансерватараў;

    – сустрэлася з дэлегацыяй Еўрапейскага парламента па Беларусі;

    прыняла ўдзел у сімпозіуме, прысвечаным кнізе «Democratizing the Constitution of Belarus — Towards a Constitution for a New Belarus in a European Context».

    ЕЎРАПАРЛАМЕНТ ПРЫНЯЎ РЭЗАЛЮЦЫЮ ПА БЕЛАРУСІ

    22 кастрычніка Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю «Аб сітуацыі ў Беларусі праз пяць гадоў пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў». Гэты дакумент пацвярджае працяг падтрымкі дэмакратычных сілаў Беларусі, заклікае да вызвалення ўсіх палітвязняў і патрабуе правядзення новых свабодных выбараў пад міжнародным назіраннем.

    Рэзалюцыя была прынята 458 галасамі «за», пры 18 «супраць» і 84 устрыманых.

    ВІЗІТ У ЛЮКСЕМБУРГ

    20 кастрычніка беларуская лідарка наведала Люксембург па запрашэнні міністра замежных справаў Люксембурга Ксаўе Бетэля. Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у працоўнай вячэры, дзе ўдзельнічалі кіраўнікі дыпламатыі краінаў ЕС, міністры замежных справаў Украіны (Андрэй Сібіга), Турцыі (Хакан Фідан), Туркменістана, Азербайджана, Арменіі (Арарат Мірзаян), Казахстана, Кыргызстана, Ірака і Малдовы (Міхай Папшой). Таксама прысутнічалі прадстаўнікі Еўракамісіі (Марта Кос).

    ЗАКРЫЦЦЁ ЛІТОЎСКА-БЕЛАРУСКАЙ МЯЖЫ

    У выніку апошніх масавых выпадкаў кантрабанды цыгарэтаў з выкарыстаннем паветраных шароў Літва была вымушаная часова закрыць мяжу з Беларуссю. Святлана Ціханоўская пракаментавала

    «Рэжым Лукашэнкі працягвае гібрыдную вайну супраць краінаў Еўрапейскага саюза — перадусім супраць Літвы і Польшчы. Гэта палітыка ўжо па-за межамі мігрантаў і прапаганды. Гэта пра эканамічную вайну, пра пагрозу бяспецы грамадзянаў і палётаў, і ў выніку дзеянняў рэжыму цярпяць не толькі грамадзяне Еўрасаюза, але ў першую чаргу беларусы».

    СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ ДА ДНЯ ТАТЫ

    21 кастрычніка ў Беларусі адзначаюць Дзень таты. Святлана Ціханоўская з гэтай нагоды павіншавала ўсіх бацькоў: «Хачу падзякаваць кожнаму, хто любіць, абараняе і падтрымлівае сваіх дзяцей, хто ўмее быць побач нават на адлегласці, хто не баіцца вучыць сваіх сыноў і дачок галоўнаму: быць сумленнымі і свабоднымі».

    МЕРАПРЫЕМСТВЫ ДА ДНЯ ПАМЯЦІ РАССТРАЛЯНЫХ ПАЭТАЎ 

    У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Мінску былі расстраляныя больш за сто беларускіх паэтаў, пісьменнікаў, навукоўцаў і дзеячаў культуры. Гэтая ноч стала адной з самых трагічных старонак у гісторыі беларускай культуры. 

    Офіс Святланы Ціханоўскай падрыхтаваў спіс мерапрыемстваў, прысвечаных «Ночы расстраляных паэтаў», да якіх могуць далучыцца беларусы па ўсім свеце.

    ЛЕАНІД МАРОЗАЎ РАСПАВЁЎ ПРА КАНЦЭПЦЫЮ ЛЮСТРАЦЫІ 

    У гэтым годзе юрыдычная каманда Офіса прадставіла Канцэпцыю люстрацыі — дакумент, які ўлічвае маштаб рэпрэсіяў, адсутнасць незалежнага правасуддзя і пагрозу аўтарытарнага рэваншу. Дарадца па юрыдычных пытаннях Леанід Марозаў падрабязна распавёў пра новы праект і адказаў на асноўныя пытанні. 

    ПРАЕКТ ЗАКОНА «АБ ГЕНДАРНАЙ РОЎНАСЦІ»

    21 кастрычніка на агульным пасяджэнні Каардынацыйнай Рады прайшлі слуханні праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб гендарнай роўнасці». Слуханні арганізаваныя Камісіяй па рэформах і падрыхтоўцы да пераходнага перыяду пад кіраўніцтвам Юрыя Губарэвіча. 

    Паглядзець запіс трансляцыі можна на YouTube-старонцы Каардынацыйнай Рады.

    КРЫТЫКА МАГІСТРАТУРЫ Ў БЕЛАРУСІ

    Падчас нарады з кіраўніцтвам Савета міністраў Лукашэнка паставіў пад сумнеў патрэбу магістратуры ў краіне. Дарадца Святланы Ціханоўскай па навуцы і адукацыі Павел Церашковіч пракаментаваў гэтую сітуацыю:

    «Магістратура існуе ў універсітэцкай адукацыі яшчэ з ХІІІ ст. У развітых краінах гэта распаўсюджаная форма навучання: у Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі больш за 20% студэнтаў — магістранты. У Беларусі ж магістрантаў крыху больш за 4%, і іх колькасць, хутчэй за ўсё, будзе зніжацца. На жаль, гэта прывядзе да далейшай дэградацыі вышэйшай адукацыі, якую спрабуюць абвясціць ледзь не лепшай у свеце».

    МЕДЫЯ

    БелСАТ (Беларусь), Euronews (Міжнароднае), TVN24 (Польшча), El Mundo America (Лацінская Амерыка), Polskie radio (Польшча), EU Perspectives (Еўропа), Euractiv (Еўропа), Podcast “Power & Purpose” (Міжнародное), Dagens Nyheter (Швецыя).

    Апошнія навіны