ГЕРМАНІЯ АДНАВІЛА ВЫДАЧУ ГУМАНІТАРНЫХ ВІЗАЎ БЕЛАРУСАМ
У ліпені 2025 года Германія прыпыніла выдачу гуманітарных візаў. Беларускія дэмакратычныя сілы і Офіс Святланы Ціханоўскай адразу адрэагавалі і вялі актыўную працу з нямецкімі партнёрамі на ўсіх узроўнях. На гэтым тыдні стала вядома пра аднаўленне магчымасці падачы заявак.
Леанід Марозаў, дарадца па прававых пытаннях: «Мы дзякуем нямецкаму Міністэрству замежных справаў, дэпутатам Бундэстага і Еўрапарламента, якія былі з намі на сувязі апошнія дні. Гэта важны крок, які адкрые шлях да бяспекі для нашых суайчыннікаў, вымушаных пакінуць Радзіму з-за рэпрэсіяў».
ЗВАРОТ ДА ЕЎРАПЕЙСКІХ ЛІДАРАЎ ПЕРАД САМІТАМ У ВАШЫНГТОНЕ
Напярэдадні саміту Уладзіміра Зяленскага, Дональда Трампа і еўрапейскіх лідараў у Вашынгтоне Святлана Ціханоўская накіравала лісты прэм’ерцы Італіі Джорджы Мелоні, прэзідэнту Фінляндыі Аляксандру Стубу, генеральнаму сакратару НАТА Марку Рутэ і прэзідэнтцы Еўракамісіі Урсуле фон дэр Ляен. У іх яна акрэсліла пазіцыю па Беларусі і перадала словы падтрымкі Украіне.
РЭАКЦЫЯ НА СУСТРЭЧУ ЛУКАШЭНКІ З ПРЭЗІДЭНТАМ ІРАНА
20 жніўня Лукашэнка сустрэўся з прэзідэнтам Ірана і заявіў пра гатоўнасць да любога супрацоўніцтва. Святлана Ціханоўская адзначыла, што такі курс вядзе Беларусь у пастку і падкрэсліла: краіна павінна быць адкрытай і бяспечнай — без вайны, ядзернай зброі і ізаляцыі.
РЭАКЦЫЯ НА ЗАЯВУ ЛУКАШЭНКІ НАКОНТ ПАЛІТВЯЗНЯЎ
Лукашэнка зноў каментуе магчымасць вызвалення палітвязняў, называючы іх «бандытамі і тэрарыстамі» і сцвярджаючы, што грамадства не падтрымае іх выпуск без выезду з Беларусі. Святлана Ціханоўская падкрэслівае: за кратамі сядзяць звычайныя беларусы — лекары, настаўнікі, студэнты, пенсіянеры і людзі з інваліднасцю. Яна патрабуе, каб рэжым выпусціў палітвязняў прама цяпер, а не замяняў адзін ціск на іншы; прымусовая дэпартацыя — працяг палітычнага тэрору.
ДЗЕНЬ НЕЗАЛЕЖНАСЦІ УКРАІНЫ
Святлана Ціханоўская павіншавала Украіну з Днём Незалежнасці і падкрэсліла: «У беларусаў і ўкраінцаў адзін вораг — расійскі імперыялізм, які прынёс вайну і акупацыю. Зычу вам сілы, каб выстаяць і адстаяць свабоду».
Дарадца Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька прыняў удзел у святкаванні дня Незалежнасці Украіны ў Вільнюсе.
ШАНТАЖ ПРАТЭРМІНАВАНЫМІ ПАШПАРТАМІ
Беларускія палітычныя эмігранты атрымліваюць лісты, дзе іх пашпарты прызнаныя несапраўднымі і патрабуецца з’явіцца ў аддзел па грамадзянстве і міграцыі. У выпадку невыканання пагражаюць штрафам да чатырох базавых велічынь. Дарадца па прававых пытаннях Леанід Марозаў адзначае, што гэта чарговы спосаб рэпрэсіяў супраць людзей, вымушаных пакінуць краіну.
ЗВАРОТ ЭКСПЕРТАЎ ААН ДА БЕЛАРУСІ
Група экспертаў ААН звярнулася да Беларусі з заклікам спыніць жорсткае абыходжанне і катаванні ў дачыненні да зняволеных, асуджаных па абвінавачаннях у тэрарызме і экстрэмізме. Дарадца па прававых пытаннях Леанід Марозаў адзначае, што рэжым Лукашэнкі павінен забяспечыць медыцынскую дапамогу і выкананне базавых стандартаў, а абвінавачанні ў тэрарызме і экстрэмізме не могуць служыць апраўданнем для рэпрэсіяў.
ЗВАРОТ ПРАВААБАРОНЦАЎ У КАМІТЭТ ААН ПА ЛІКВІДАЦЫІ ЎСІХ ФОРМАЎ ДЫСКРЫМІНАЦЫІ Ў ДАЧЫНЕННІ ДА ЖАНЧЫН
Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў далучыўся да ініцыятывы праваабаронцаў у Камітэце па ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын, які накіравала Прававая ініцыятыва.
Мы звяртаемся да нашых міжнародных партнёраў, дэмакратычнай супольнасці і абаронцаў правоў чалавека падтрымаць гэты зварот публічна:
– на рускай мове;
– на англійскай мове.
РЭАЛЬНЫ ЎЗРОВЕНЬ БЕСПРАЦОЎЯ Ў БЕЛАРУСІ
Паводле звестак Белстата, беспрацоўе ў Беларусі застаецца на нізкім узроўні. На першы погляд гэта гучыць як поспех: мала беспрацоўных — значыць, усе пры справе. Але на практыцы гэта трывожны сігнал. Каманда Офіса падрыхтавала адказы і тлумачэнні, чаму статыстыка не адлюстроўвае рэальнай сітуацыі на рынку працы.
ЗМЕНЫ Ў КАМАНДЗЕ ОФІСА
Дарадца Святланы Ціханоўскай па эканамічных пытаннях па асабістых прычынах завяршыў працу ў Офісе. Далей эканамічны кірунак будзе развівацца пад кіраўніцтвам Алісы Рыжычэнка — новай прадстаўніцы па эканоміцы ў Аб’яднаным Пераходным Кабінеце.
МЕДЫЯ
Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю New York Times (міжнароднае), Gazeta prawna (Польшча), BBC TV.