Паводле звестак Белстата, беспрацоўе ў Беларусі застаецца на нізкім узроўні. На першы погляд гэта гучыць як поспех: мала беспрацоўных — значыць, усе пры справе. Але на практыцы гэта трывожны сігнал.
Не ўсякае беспрацоўе — зло, а дэфіцыт работнікаў можа аказацца больш небяспечным, чым здаецца. Каманда Офіса Святланы Ціханоўскай падрыхтавала адказы на пытанні пра тое, як захаваць баланс на рынку працы, каго і як прыцягваць з-за мяжы, і якія крокі патрэбныя, каб эканоміка развівалася ўстойліва.
1. Не ўсякае беспрацоўе — гэта дрэнна
Калі ў краіне 20% людзей не могуць знайсці працу — гэта крызіс. Але існуе паняцце «натуральнае беспрацоўе»: у сучаснай эканоміцы нават пры нармальным стане рынку працы заўсёды ёсць невялікі працэнт людзей без працы, напрыклад:
- У аграрным грамадстве, дзе 95% людзей — сельскагаспадарчыя працаўнікі, усё проста: калі дазваляе здароўе, можна ісці працаваць.
- У складанай эканоміцы з мноствам прафесіяў сітуацыя іншая. Напрыклад, звольніўся інжынер па вантавых мастах. Так, ён можа заўтра пайсці ў «Макдональдс» або будаваць дамы. Але і для яго самога, і для дзяржавы, і для бізнесу будзе выгадней, калі ён патраціць месяц і знойдзе працу па сваёй спецыялізацыі. Тады ён будзе зарабляць больш, купляць больш тавараў і плаціць больш падаткаў.
Для краіны ўзроўню развіцця Беларусі нармальны ўзровень беспрацоўя — ад 4% да 6%.
2. У чым небяспека беспрацоўя ніжэй за натуральны ўзровень?
Калі работнікаў не хапае, кампаніі пачынаюць браць людзей, якія не зусім адпавядаюць пасадзе, таму што інжынер ужо працуе ў «Макдональдсе», а эканаміст — на лесапільні.
У выніку, паколькі людзі не на сваіх месцах, прадукцыйнасць падае, кошт працы расце, і прадпрыемствы пачынаюць працаваць горш.
3. Рабочыя рукі патрэбныя, але каго і як прыцягваць?
Прыцягненне імігрантаў — звычайная стратэгія. Усе развітыя краіны гэта робяць. Але важна, каго мы прыцягваем і якім чынам. І тут Беларусь трэба рэкламаваць як краіну, дзе камфортна жыць, каб людзі хацелі сюды прыехаць, застацца, стварыць сем’і.
Праблема падыходу рэжыму Лукашэнкі ў тым, што ён хоча проста прывезці «150 тысяч рабочых» як танную сілу. Чаму гэта не працуе?
- Сучасная эканоміка патрабуе інжынераў, айцішнікаў, хімікаў, прадпрымальнікаў — а не людзей, гатовых ехаць у краіну за $500.
- Магчымасці інтэграцыі ў грамадства. Паспяховая інтэграцыя патрабуе не толькі працоўных месцаў, але і ўмоваў: каб мясцовыя жыхары не ўспрымалі прыезджых як пагрозу, каб міліцыя ставілася без прадузятасці, каб працэс атрымання грамадзянства быў хуткім і празрыстым, а самі мігранты маглі ўліцца ў грамадства.
Падыход «прывезці ў вагонах і паставіць да станка» — гэта ўзровень індустрыяльнай эканомікі, які не падыходзіць для эканомікі ХХІ стагоддзя.
4. Што рабіць?
Рашэнне павінна быць комплексным:
- Стымуляваць вяртанне з’ехаўшых беларусаў.
- Фарміраваць такія сацыяльна-эканамічныя ўмовы, якія будуць утрымліваць людзей у краіне.
- Павышаць нараджальнасць — праз падтрымку сем’яў і кампенсацыю часу, патрачанага на дзяцей.
Укараняць працазберагальныя тэхналогіі: аўтаматызацыю і рабатызацыю, пераводзіць людзей з стратных прадпрыемстваў на прыбытковыя.
Прыцягваць мігрантаў патрэбных прафесіяў, ствараючы ўмовы, каб яны хацелі прыехаць і застацца.