19 чэрвеня падчас візіту ў Мадрыд Святлана Ціханоўская выступіла ў Каралеўскім інстытуце міжнародных даследаванняў Elcano — уплывовым аналітычным цэнтры, які працуе пад патранажам іспанскага караля.
Выступ стаў магчымасцю на самым высокім узроўні данесці да палітычных і экспертных колаў Іспаніі і Еўрапейскага Саюза дакладную і ўсебаковую інфармацыю пра сітуацыю ў Беларусі.
Ціханоўская падкрэсліла: пасля фальсіфікаваных выбараў #безвыборы імітацыя палягчэння сітуацыі з боку рэжыму — гэта толькі прыкрыццё новых, яшчэ больш жорсткіх рэпрэсіяў. Акрамя ўнутранага тэрору, яна звярнула ўвагу на пагрозу, якую нясе аўтарытарны тандэм Лукашэнкі і Пуціна для рэгіянальнай і еўрапейскай бяспекі.
Асобна адзначалася роля беларускага рэжыму ў вайне супраць Украіны і гандаль суверэнітэтам краіны ў абмен на падтрымку Крамля.
Паводле Ціханоўскай, транзіт улады ў Беларусі і вяртанне краіны на еўрапейскі шлях магчымыя толькі праз адзінства дэмакратычных сілаў, падтрымку з боку партнёраў і міжнародную салідарнасць.