Міністр інфармацыі Маркаў заявіў, што ў Беларусі ўжо абмежаваная дзейнасць больш за 18 тысячаў інфармацыйных рэсурсаў. Кожны тыдзень рэжым папаўняе спісы «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» і «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Як падкрэсліў Маркаў, «інфармацыйная вайна ў Беларусі працягваецца і нават узмацняецца». Такія метады — чарговы доказ таго, што рэжым наноў легітымізуе рэпрэсіі і падаўляе свабоду выказвання.
Леанід Марозаў, дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях:
«Гэтая заява толькі пацвярджае: рэжым не мае намеру зніжаць тэмпы рэпрэсіяў і працягвае барацьбу з любымі праявамі свабоды слова ў краіне. Лукашэнка працягвае карыстацца «антыэкстрэмісцкім» заканадаўствам для ціску на беларускую грамадзянскую супольнасць. У заяве гаворыцца пра 110 кніг прызнаных «шкоднымі для дзяцей» — нібыта за прапаганду гвалту, жорсткасці і іншых пагрозаў. У рэальнасці, гэта чарговая падмена паняццяў, мэта якой — не абарона дзяцей, а ўзмацненне цэнзуры».
Маркаў таксама падкрэсліў рост колькасці заблакаваных рэсурсаў у параўнанні з мінулым годам. Ужо да канца траўня колькасць заблакаваных рэсурсаў дасягнула паказчыкаў 2024-га.
«Гэта прамое сведчанне пагаршэння сітуацыі з правам беларусаў і беларусак. І размова не толькі пра свабодны доступ да інфармацыі, але і пра выказванне меркаванняў, адрозных ад палітыкі рэжыму. Заявы аб планах далейшай працы з кіраўнікамі маркетплейсаў і распаўсюджвальнікамі выданняў выглядае як анонс маштабных праверак і ціску на тых, хто займаецца продажам літаратуры. Беларусь мае патрэбу не ў зачыстцы інфармацыйнага поля, а ў свабодзе слова, адкрытым доступе да інфармацыі і магчымасці весці сумленную грамадскую дыскусію», — каментуе Марозаў.