Падчас працоўнага візіту ў Страсбург Святлана Ціханоўская сустрэлася з Генеральным сакратаром Рады Еўропы Аленам Берсэ і прэзідэнтам Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Тэадорасам Русопуласам. Таксама беларуская лідарка выступіла на Сусветным форуме за дэмакратыю.
У дыялогах абмяркоўваліся:
- спосабы вызвалення і шляхі дапамогі палітвязням;
- паляпшэнне мабільнасці беларусаў праз выдачу візаў і спрашчэнне працэдураў легалізацыі;
- непрызнанне еўрапейскімі партнёрамі «выбараў» 2025 года;
- падтрымка культуры і незалежных медыя ў Беларусі;
- далейшыя крокі супрацоўніцтва паміж дэмакратычнымі сіламі, грамадзянскай супольнасцю і структурамі Рады Еўропы.
Вынікі візіту:
- Стварэнне Інфармацыйнага офіса Рады Еўропы па Беларусі ў Вільні. 6 лістапада Камітэт міністраў Рады Еўропы прагаласаваў за гэтае рашэнне, цяпер чакаецца галасаванне ў Сейме Літвы.
- Запуск праграмы стажыровак для беларусаў у Радзе Еўропы – беспрэцэдэнтнае рашэнне, бо Беларусь не з’яўляецца фармальным сябрам арганізацыі.
- Напрыканцы студзеня беларуская дэлегацыя ад Каардынацыйнай Рады ўпершыню афіцыйна прыме ўдзел у сесіі ПАРЕ.
- Працяг працы Кантактнай групы паміж дэмакратычнымі сіламі і Радай Еўропы. Наступнае пасяджэнне запланавана на 2 снежня.
- У межах Кантактнай групы запланаваны трэнінгі, стажыроўкі, семінары і экспертныя сустрэчы для беларускіх журналістаў, актывістаў, праваабаронцаў і аналітыкаў.