ВЫЗВАЛЕННЕ ПАЛІТВЯЗНЯЎ
На гэтым тыдні было анансавана магчымае вызваленне 30 палітвязняў. Святлана Ціханоўская падкрэсліла важнасць вызвалення ўсіх, хто цяпер несправядліва знаходзіцца за кратамі.
У пачатку ліпеня з беларускіх турмаў былі вызваленыя 15 чалавек. За кратамі, па сукупных дадзеных праваабаронцаў, застаецца мінімум 1400 палітвязняў.
ПЕРАГЛЯД АБМЕЖАВАННЯЎ СУПРАЦЬ БЕЛАРУСКІХ АЎТАМАБІЛЯЎ
Офіс Святланы Ціханоўскай вітае ўвядзенне выключэнняў на ўезд аўтамабіляў з беларускімі нумарамі. З 18 жніўня Літва дазволіць уезд, калі:
- машына належыць грамадзяніну Беларусі, які мае сапраўдную літоўскую візу альбо ВНЖ, і аўтамабіль не прызначаны для продажу;
- аўтамабіль належыць грамадзяніну ЕС, які з’яўляецца жыхаром Беларусі, і кіруе аўтамабілем выключна для асабістага карыстання.
Раней Латвія змякчыла патрабаванні да беларусаў, дазволіла ўезд пры ўмове папярэдняга дазволу ад латвійскіх уладаў. Польшча ўвяла шырокія выключэнні для ўласнікаў шэнгенскіх візаў і дазволаў на жыхарства.
Раней Святлана Ціханоўская выказала занепакоенасць, што новыя абмежаванні ЕС удараць па мабільнасці беларусаў.
АДПАЧЫНАК ДЛЯ ДЗЯЦЕЙ ПАЛІТВЯЗНЯЎ У РУМЫНІІ
Пры падтрымцы Офіса Святланы Ціханоўскай служба «Хуткай гуманітарнай дапамогі» разам з «Асацыяцыяй Беларусаў у Амерыцы» ладзіць адпачынак для дзяцей палітвязняў у Румыніі. Прапанову ініцыяваў румынскі бок па выніках сустрэчы з беларускай лідаркай, дзе яна заклікала падтрымаць сем’і зняволеных з дзецьмі.
ДЗЕНЬ НАРОДЗІНАЎ СЯРГЕЯ ЦІХАНОЎСКАГА
18 жніўня, пяты год запар, Сяргей Ціханоўскі сустракае свой Дзень народзінаў за кратамі. Святлана Ціханоўская запісала кранальнае галасавое мужу да дня яго народзінаў: «Менавіта твая сіла і трываласць дапамагаюць мне працягваць змагацца за цябе і за ўсіх нашых герояў…»
СУПРАЦОЎНІЦТВА РЭЖЫМУ З ПАЎНОЧНАЙ КАРЭЯЙ
Падчас візіту ў Пхеньян дэлегацыя рэжыму Лукашэнкі наведала ўніверсітэт імя Кім Ір Сена і педагагічны інстытут і дамовілася пра развіццё міжвузаўскага ўзаемадзеяння. Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова пракаментавала сітуацыю: «Абазначэнне Паўночнай Карэі як партнёра ў адукацыі азначае, што мы яшчэ далей аддаляемся ад тых каштоўнасцяў, пра якія да 20-га года можна было, як мінімум, зусім адкрыта казаць у беларускіх універсітэтах. Я маю на ўвазе акадэмічную аўтаномію, акадэмічныя волі».
АЛЬЯНС ДЭПУТАЦКІХ ГРУПАЎ ЗА ДЭМАКРАТЫЧНУЮ БЕЛАРУСЬ
«Дзверы, у якія кожны беларус можа пагрукацца, калі патрэбная дапамога», – дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкаму супрацоўніцтву і Канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька распавёў у відэа, што такое Альянс дэпутацкіх групаў за дэмакратычную Беларусь і ў чым яго практычная карысць.
СУСТРЭЧА З ВІЦЭ-СПІКЕРАМ СЕНАТА ПОЛЬШЧЫ
Дарадца Святланы Ціханоўскай па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі і дарадца па парламенцкаму супрацоўніцтву і Канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька сустрэліся з віцэ-спікерам Сената Польшчы Міхалам Камінскім. Падчас сустрэчы абмяркоўваліся двухбаковыя стасункі парламенцкага супрацоўніцтва з Польшчай і планы супрацоўніцтва падчас старшынства Польшчы ў ЕС.
АЛЬТЭРНАТЫВЫ ДЛЯ НОВАЙ БЕЛАРУСІ
Дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкаму супрацоўніцтву і Канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька правёў пасяджэнні Рабочых групаў па падрыхтоўцы праекта закона «Аб упаўнаважаным па правах чалавека» і праекта закона «Аб паліцыі». З Беларускай асацыяцыяй журналістаў абмяркоўвалася супрацоўніцтва па праекту закона аб СМІ.
ПАДТРЫМКА АНДРЭЯ ГНЁТА
Святлана Ціханоўская заклікала падтрымаць Андрэя Гнёта, якому прызначылі суд на 27 жніўня. Беларускі рэжысёр быў затрыманы 30 кастрычніка 2023 года памежнай службай Сербіі. Прычына затрымання – знаходжанне ў міжнародным вышуку па запыце беларускага бюро Інтэрпола. У пачатку ліпеня Інтэрпол выкрасліў Андрэя Гнёта са свайго «чырвонага спісу».
ПРАПАНОВЫ ПА ДЗЕЯННЯМ У ДАЧЫНЕННІ ДА СІТУАЦЫІ Ў БЕЛАРУСІ
Святлана Ціханоўская і прадстаўніца ЗША па глабальным правасуддзі напісалі супольную калонку ў амерыканскім уплывовым выданні The Hill. Вось асноўныя дзеянні і меры, якія ўжо робяцца і якія трэба зрабіць у дачыненні да сітуацыі ў Беларусі:
- Збіраць і захоўваць доказы парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі.
- Падтрымліваць незалежныя медыя і праваабаронцаў у Беларусі і за мяжой
- Падтрымліваць палітвязняў і змагацца за іх вызваленне
- Узмацніць санкцыі і сінхранізаваць іх з партнёрамі за мяжой
- Забяспечыць абарону правоў беларусаў у выгнанні
МЕДЫЯ
Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю Deutsche Welle (Германія), IANS (Індыя), The Hill (ЗША). Пра Беларусь пісалі ў Ap News (ЗША), Reuters (Вялікабрытанія).