• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Візіт у Нарвегію, міністэрская сустрэча АБСЕ, канферэнцыя Grand Continent Summit. Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай 1–7 снежня

    09 снежня, 2025

    ВІЗІТ У НАРВЕГІЮ

    1 снежня Святлана Ціханоўская знаходзілася з працоўным візітам у Нарвегіі, падчас якога правяла шэраг сустрэчаў: 

    – са спікерам Стортынгу Масудам Гарахані;

    – міністрам замежных справаў Эспенам Бартам Эйдэ;

    – міністрам развіцця Асмундам Аўкрустам. 

    Акрамя гэтага, лідарка ўзяла ўдзел у публічным івэнце Нарвежскага Хельсінкскага Камітэта, дзе распавяла пра цяперашнюю сітуацыю ў краіне.

    Асноўныя вынікі візіту і супольныя планы: 

    – Запушчана парламенцкая група Стортынгу «За дэмакратычную Беларусь», куды ўвайшлі 8 прадстаўнікоў з 5 фракцыяў;

    – Нарвегія выдзеліць дадатковыя сродкі на падтрымку рэпрэсаваных праз Міжнародны гуманітарны фонд ахвярам рэпрэсіяў у Беларусі. У мінулым годзе Нарвегія ўжо выдзеліла 850 тысячаў еўра;

    – Нарвегія працягне дзейныя праграмы падтрымкі грамадзянскай супольнасці, незалежных медыя, а таксама праваабаронцаў.

    УДЗЕЛ У КАНФЕРЭНЦЫІ GRAND CONTINENT SUMMIT

    3 снежня Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у канферэнцыі Grand Continent Summit, дзе выступіла на панэлі «How Democracy Thrives».

    Форум быў арганізаваны французскім выданнем Le Grand Continent пры патранажы прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона і прэзідэнта Італіі Серджа Матарэлы. Сярод двухсот удзельнікаў саміту — міністр замежных справаў Францыі Жан-Ноэль Баро, міністр замежных справаў Італіі Хасэ Мануэль Альбарэс, прэм’ер-міністр Харватыі Андрэй Пленкавіч, пятая прэзідэнтка Грузіі Саломе Зурабішвілі і іншыя.

    Разам з генеральным сакратаром Рады Еўропы Аленам Берсэ і нобелеўскай лаўрэаткай Аляксандрай Матвійчук лідарка абмеркавала чаму аўтарытарызм умацоўваецца і што могуць зрабіць еўрапейскія краіны, каб не дапусціць падзення на ўсходнім флангу.

    МІНІСТЭРСКАЯ СУСТРЭЧА АБСЕ

    4 снежня беларуская лідарка ўзяла ўдзел у міністэрскай сустрэчы АБСЕ ў Вене разам з больш чым 40 міністрамі еўрапейскіх і азіяцкіх краінаў, ЗША і Канады. 

    На палях міністэрскай сустрэчы адбыўся сайд-івэнт «Падрыхтоўка дэмакратычнай будучыні Беларусі». Арганізатарамі выступілі краіны-сяброўкі групы «За дэмакратычную Беларусь».

    Разам са Святланай Ціханоўскай удзел прынялі намеснік міністра замежных справаў Фінляндыі Пасі Райяла, кіраўніца Міжнароднай платформы адказнасці за Беларусь (IAPB) Андрэа Хубер, віцэ-міністарка замежных справаў Літвы Аўдра Плепіце, намесніца міністра замежных справаў Эстоніі Мінна-Лііна Лінд. Беларуская лідарка выступіла з прамовай.

    ВІЗІТ У ІНСБРУК

    5 снежня Святлана Ціханоўская прыбыла з працоўным візітам у аўстрыйскі Інсбрук. 

    Увечары лідарка выступіла перад студэнтамі і выкладчыкамі прэстыжнага Management Center Innsbruck на дыскусіі “Europe in the World: What about Freedom & Democracy?” Ціханоўская заклікала еўрапейскія дзяржавы інвеставаць у незалежныя медыя, праваабарончыя і культурніцкія ініцыятывы, а таксама пашыраць адукацыйныя праграмы і стыпендыі для беларускай моладзі.

    Раніцай 6 снежня Ціханоўская выступіла на European Media Summit, які аб’яднаў журналістаў, палітыкаў, уладальнікаў медыя і экспертаў з краінаў Цэнтральнай і Заходняй Еўропы. У сваёй прамове яна падкрэсліла ролю свабодных медыя ў барацьбе з дыктатурай і адзначыла, што Беларусь — прыклад краіны, дзе знішчэнне незалежных медыя і альтэрнатыўных галасоў адкрыла шлях таталітарнай уладзе.

     

    УЗНАГАРОДА МІЖНАРОДНАЙ ПРЭМІЯЙ BONN INTERNATIONAL PRIZE 

    7 снежня Святлана Ціханоўская была ўзнагароджаная міжнароднай прэміяй Bonn International Prize for Democracy and the Rule of Law за ўклад у абарону дэмакратыі, прынцыпу падзелу ўладаў і прававой дзяржавы.

    Цырымонія прайшла ў межах штогадовай праграмы, якая адзначае асобаў і арганізацыі, якія смела адстойваюць правы чалавека, законнасць і дэмакратычныя каштоўнасці. У сваёй прамове Ціханоўская падкрэсліла, што прэмія належыць усім беларусам, якія працягваюць змагацца за свабоду, справядлівасць і мір, а таксама заклікала ўдзельнікаў падтрымаць беларускіх палітвязняў і Украіну.

    ВІЗІТ ДАРАДЦЫ ПА ПЫТАННЯХ ДЫПЛАМАТЫІ Ў ВАШЫНГТОН

    З 3 па 4 снежня дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі правёў візіт у Вашынгтон, дзе сустрэўся з:

    Эндзі Бэйкерам, намеснікам дарадцы па бяспецы прэзідэнта Дональда Трампа. Бакі абмеркавалі гуманітарны працэс вызвалення беларускіх палітзняволеных, працэс перамоваў па Украіне, працяг Стратэгічнага дыялогу паміж Злучанымі Штатамі і беларускімі дэмакратычнымі сіламі.

    Крысам Смітам, намеснікам памочніка дзяржсакратара ЗША. Ад імя Святланы Ціханоўскай, Кучынскі перадаў падзякі прэзідэнту за нястомныя намаганні дзеля вызвалення 100 закладнікаў рэжыму.

    СТАТЫСТЫКА ПАЛІТЫЧНАГА ПЕРАСЛЕДУ Ў БЕЛАРУСІ ЗА 2025 ГОД

    Праваабарончая ініцыятыва Dissidentby прадставіла статыстыку палітычнага пераследу ў Беларусі за перыяд з 1 студзеня па 1 снежня 2025 года. Гэтыя звесткі паказваюць рэальную карціну таго, што адбываецца ў краіне.

    З кожным годам сітуацыя ў Беларусі пагаршаецца, і мінулы год не стаў выключэннем: крымінальнаму пераследу падвергнулася не менш як 1267 чалавек (з іх 349 жанчын), прычым як мінімум 438 чалавек былі затрыманыя.

    Саветнік Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў:
    «Прадстаўленая інфармацыя крытычна важная: яна дае магчымасць адэкватна ацэньваць тое, што адбываецца, і не дазваляе рэжыму Лукашэнкі ўводзіць у зман заявамі пра “зніжэнне ўзроўню рэпрэсіяў”».

    МІЖНАРОДНЫ ДЗЕНЬ ЛЮДЗЕЙ З ІНВАЛІДНАСЦЮ

    3 снежня Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў з нагоды міжнароднага дня людзей з інваліднасцю:

    «У Беларусі шмат людзей, чые патрэбы доўгія гады застаюцца нябачнымі для рэжыму. Людзі з інваліднасцю — тыя, каму для паўнавартаснага жыцця патрэбныя не асаблівыя прывілеі, а ўсяго толькі справядлівыя і даступныя ўмовы: медыцына, адукацыя, магчымасць перасоўвацца, працаваць, прымаць удзел у грамадскім жыцці.

    Патрабаванне роўных магчымасцяў — гэта не «асаблівае стаўленне». Дзяржава павінна бачыць кожнага свайго грамадзяніна і ствараць умовы, у якіх не трэба прасіць базавых рэчаў».

    МІЖНАРОДНЫ ДЗЕНЬ ВАЛАНЦЁРАЎ

    5 снежня Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў з нагоды Міжнароднага дня валанцёраў і валанцёрак:

    «Вы — людзі з вялікімі гарачымі сэрцамі, якія ніколі не праходзяць міма чужога болю. Валанцёры трымаюць Беларусь на руках ціхай, штодзённай, але моцнай справай. Ваша дапамога неацэнная, і я веру, што дзякуючы ёй мы будуем Беларусь, у якой нікому не давядзецца баяцца дапамагчы іншым».

    АКЦЫЯ СУПРАЦЬ ГІБРЫДНЫХ АТАКАЎ РЭЖЫМУ

    7 снежня каля Беларускай амбасады ў Вільне прайшла акцыя супраць гібрыдных атак рэжыму. Галоўная нагода івэнту — паказаць, што беларуская супольнасць супраць правакацыяў рэжыму, а беларускі народ заўсёды ставіцца з павагай да іншых краінаў і хоча падтрымліваць добрасуседскія адносіны.

    Ад Офіса Святланы Ціханоўскай удзел узялі Ганна Красуліна, Станіслава Гліннік, Маргарыта Ворыхава, Ганна Златкоўская.

    ГРУПА «ЗА ДЭМАКРАТЫЧНУЮ БЕЛАРУСЬ» У НОВЫМ СКЛАДЗЕ ПАРЛАМЕНТА МАЛДОВЫ

    5 снежня Дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька паведаміў, што група «За дэмакратычную Беларусь» будзе працаваць у новым складзе абранага парламента Малдовы, і распавёў пра тое, як будзе выглядаць далейшае супрацоўніцтва.

    Лябедзька: 

    «Парламент Малдовы афіцыйна адмовіўся ад супрацы з пуцінскай Думай і лукашэнкаўскай Палатай. Мы маем падтрымку ад спікера парламента Гросу. Мы маем жаданне дэпутатаў, якія ўжо працавалі ў групе, працягнуць гэтую працу». 

    ПРЭЗЕНТАЦЫЯ ПРАЕКТА «ПАЗІТЫЎНАЙ АЛЬТЭРНАТЫВЫ ДЛЯ НОВАЙ БЕЛАРУСІ»

    8 снежня ў Еўрапейскім парламенце ў Бруселі пройдзе канферэнцыя высокага ўзроўню «Стварэнне падмурка для дэмакратычных пераменаў», прысвечаная перспектывам і выклікам дэмакратычных рэформаў у Беларусі. Падчас мерапрыемства пройдзе прэзентацыя «Пазітыўнай альтэрнатывы для Новай Беларусі»

    МЕДЫЯ: 

    Die Tageszeitung, (Германія), Tiroler Tageszeitung (Аўстрыя), General-Anzeiger (Германія), Укрінформ (Украіна).

    Апошнія навіны