1 снежня Святлана Ціханоўская знаходзілася з працоўным візітам у Нарвегіі, падчас якога правяла шэраг сустрэчаў з кіраўніцтвам краіны, парламентарыямі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.
Асноўная мэта візіту — умацаванне супрацоўніцтва паміж Нарвегіяй і дэмакратычнымі сіламі Беларусі, а таксама каардынацыя дзеянняў у міжнародных інстытутах у кантэксце рэгіянальнай бяспекі і падтрымкі беларусаў.
Ціханоўская сустрэлася са спікерам Стортынгу (Нарвежскі Парламент) Масудам Гарахані, а таксама з прадстаўнікамі асноўных палітычных партыяў. Спікер падкрэсліў, што Беларусь застаецца ў прыярытэце Нарвегіі, а падтрымка дэмакратычнага грамадства будзе працягвацца.
У парламенце была афіцыйна запушчаная міжпартыйная група «За дэмакратычную Беларусь», да якой ужо далучыліся 8 прадстаўнікоў з 5 фракцыяў. Група будзе ўдзельнічаць у міжпарламенцкім альянсе «За дэмакратычную Беларусь», прыцягваць увагу да тэмы палітвязняў, а таксама спрыяць у вырашэнні праблем дыяспары.
Падчас сустрэчы з міністрам замежных справаў Нарвегіі Эспенам Бартам Эйдэ Ціханоўская падзякавала нарвежскаму боку за падтрымку палітвязняў, грамадзянскай супольнасці, культурніцкіх ініцыятываў і незалежных медыя, а таксама заклікала працягнуць дапамогу Міжнароднаму гуманітарнаму фонду для рэпрэсаваных беларусаў.
Бакі абмеркавалі наступныя пытанні:
– ход перамоваў паміж Украінай і Расіяй, і рызыкі для Беларусі. Ціханоўская падкрэсліла, што ў выніку перамоваў Беларусь не павінна згубіць незалежнасць і застацца пад кантролем Расіі. Неабходна настойваць на вывадзе расійскіх войскаў і ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі;
– сітуацыю ўнутры краіны і рэпрэсіі, якія працягваюцца;
– праблемы беларускіх добраахвотнікаў, якія змагаюцца за Украіну;
– гуманітарныя вызваленні беларускіх палітвязняў. Ціханоўская прывітала дыпламатычныя намаганні ЗША па вызваленні людзей. Але пры гэтым неабходна захоўваць ціску на рэжым Лукашэнкі, пакуль не будуць цалкам спыненыя рэпрэсіі;
– падтрымку міжнародных механізмаў прыцягнення да адказнасці, а таксама працяг падтрымкі праваабаронцаў у тым ліку International Accountability Platform for Belarus (IAPB);
– падрыхтоўку да пасяджэнняў Рады міністраў АБСЕ і супрацоўніцтва ў фармаце NB8;
– гібрыдныя атакі з боку рэжыму ў бок Польшчы і Літвы, у тым ліку праз мігрантаў, ці паветраныя з мэтай спаралізаваць працу віленскага аэрапорту, а таксама сітуацыя з еўрапейскімі фурамі, ўзятымі ў закладнікі рэжымам у Мінску.
На сустрэчы з міністрам развіцця Асмундам Аўкрустам абмеркавалі паглыбленне падтрымкі рэпрэсаваных, беларускіх культурніцкіх праектаў, гуманітарных праграмаў, а таксама неабходнасць дапамогі беларускім журналістам. Ціханоўская падзякавала за падтрымку Нарвегіі рэпрэсаваным праваабаронцам, а таксама Міжнароднага гуманітарнага фонду, і Міжнароднай платформы збору доказаў злачынстваў рэжыму Лукашэнкі. Ціханоўская распавяла пра ролю і працу беларускіх журналістаў і грамадзянскай супольнасці, як унутры краіны, так і ў выгнанні. Ціханоўская адзначыла, што беларусам важна бачыць будучыню пасля Лукашэнкі і без Лукашэнкі, і таму важныя любыя ініцыятывы, якія падтрымліваюць візію новай Беларусі.
Вынікі візіту і супольныя планы:
– Запушчана парламенцкая група Стортынгу «За дэмакратычную Беларусь», куды ўвайшлі 8 прадстаўнікоў з 5 фракцыяў;
– Нарвегія выдзеліць дадатковыя сродкі на падтрымку рэпрэсаваных праз Міжнародны гуманітарны фонд ахвярам рэпрэсіяў у Беларусі. У мінулым годзе Нарвегія ўжо выдзеліла 850 тысячаў еўра;
– Нарвегія працягне дзейныя праграмы падтрымкі грамадзянскай супольнасці, незалежных медыя, а таксама праваабаронцаў;
– Вырашэнне адной з ключавых праблемаў з легалізацыяй беларусаў у Нарвегіі. Ідзе праца над рашэннямі, якія палегчаць легалізацыю беларусаў у Нарвегіі і дазволяць абнаўляць дакументы без неабходнасці вяртацца ў Беларусь, зніжаючы рызыкі для бяспекі;
– Будзе паднятае пытанне Беларусі падчас міністэрскай сустрэчы АБСЕ ў Вене, якая пройдзе ўжо на гэтым тыдні, а таксама на сустрэчы Альянсу Паўночна-Балтыйскіх краінаў;
– У 2026 годзе плануецца правесці экспертна-палітычны семінар на тэму энергетычнай бяспекі для Беларусі, і перспектываў развіцця энергетыкі.
