• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Парыжскі форум міру, падтрымка беларускіх журналістаў, часовае закрыццё беларуска-літоўскай мяжы. Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай 27 кастрычніка – 2 лістапада

    03 лістапада, 2025

    СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ — НА ПАРЫЖСКІМ ФОРУМЕ МІРУ

    Святлана Ціханоўская наведала з працоўным візітам Францыю, дзе выступіла на Парыжскім форуме міру. Ціханоўская звярнула ўвагу на наступствы вайны Расіі супраць Украіны, прапаганду, рэпрэсіі і неабходнасць салідарнасці з тымі, хто змагаецца супраць дыктатуры. Да таго ж, беларуская лідарка ўзяла ўдзел у вячэры з прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам у Елісейскім палацы. Таксама Ціханоўская сустрэлася з прэм’ер-міністрам Арменіі Ніколам Пашынянам і міністрам замежных справаў Францыі Жанам-Наэлям Баро.

    ПАДТРЫМКА БЕЛАРУСКІХ ЖУРНАЛІСТАЎ
    Падчас Форуму міру ў Парыжы Святлана Ціханоўская абмеркавала пытанні падтрымкі беларускіх СМІ. Яна правяла асобную сустрэчу з кіраўніцтвам Міжнароднага фонду грамадска значных медыя (IFPIM) — яго дырэктарам Нішантам Лалвані і сустаршынёй, Нобелеўскай лаўрэаткай Марыяй Рэса. IFPIM адкрыў праграму дапамогі беларускім журналістам пры фінансавай падтрымцы Швецыі.

    Таксама Ціханоўская сустрэлася з кіраўніцтвам французскага радыё RFI і міністрам замежных справаў Францыі, каб абмеркаваць магчымасць стварэння беларускай рэдакцыі RFI.

    СУД ЗША НАДАЎ ПАЛІТЫЧНЫ ПРЫТУЛАК І ВЫЗВАЛІЎ З ТУРМЫ ЛІДАРА СТРАЙКАМА «БЕЛАРУСЬКАЛІЯ»

    29 кастрычніка іміграцыйны суд ЗША прыняў рашэнне аб прадастаўленні палітычнага прытулку аднаму з лідараў страйкама «Беларуськалія» Анатолю Бокуну. Дзяржаўны пракурор адмовіўся ад апеляцыі, таму рашэнне суддзі стала канчатковым — Анатоль будзе вызвалены з іміграцыйнай турмы і зможа заставацца ў Злучаных Штатах на пастаяннай аснове. Ад імя Офіса Святланы Ціханоўскай была падрыхтаваная падтрымліваючая заява, перададзеная ў адпаведныя органы і амерыканскай адвакатцы. На судзе ў якасці сведкі выступіў дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў.

    НОЧ (НЕ)РАССТРАЛЯНЫХ ПАЭТАЎ

    Штогод беларусы ўшаноўваюць памяць беларускіх дзеячаў культуры, забітых у часы сталінскіх рэпрэсіяў у 1937 годзе. Па ўсім свеце прайшлі акцыі з гэтай нагоды, у тым ліку ў Вільнюсе — «(Не)расстраляныя паэты».

    Ад Офіса Святланы Ціханоўскай у мерапрыемстве ўдзельнічаў дарадца па адукацыі і навуцы Павел Церашковіч. Мерапрыемства прайшло пры падтрымцы Офіса Святланы Ціханоўскай.

    Святлана Ціханоўская прачытала верш Алеся Дудара да Ночы (не)расстраляных паэтаў.

    ДАРАДЦА ЦІХАНОЎСКАЙ НА ПАСЯДЖЭННІ ПАРЛАМЕНЦКАЙ АСАМБЛЕІ «ЕЎРАНЭСТ» У АРМЕНІІ

    Дарадца Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька ўзяў удзел у пасяджэнні Парламенцкай Асамблеі «Еўранэст», якое прайшло ў Ерэване. Падчас пасяджэння быў запушчаны працэс надання прадстаўнікам дэмакратычных сілаў Беларусі статусу наглядальніка.

    Удзел у мерапрыемстве ўзялі таксама прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і Каардынацыйнай Рады: Юрый Губарэвіч, Валерый Мацкевіч, Аліса Рыжычэнка, Арцём Брухан.

    Святлана Ціханоўская звярнулася да ўдзельнікаў з прамовай анлайн.

    ДАРАДЦА ЦІХАНОЎСКАЙ З ПРАЦОЎНЫМ ВІЗІТАМ У ЛОНДАН

    Дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі здзейсніў працоўны візіт у Лондан, дзе правёў шэраг сустрэчаў, накіраваных на паглыбленне дыялогу паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і Вялікабрытаніяй, а таксама на ўмацаванне парламенцкіх і ўрадавых кантактаў. 

    СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ — ПРА ЧАСОВАЕ ЗАКРЫЦЦЁ БЕЛАРУСКА–ЛІТОЎСКАЙ МЯЖЫ

    29 кастрычніка, праз правакацыі рэжыму, мяжа паміж Беларуссю і Літвой была зачыненая на месяц.

    Святлана Ціханоўская адрэагавала: 

    «Рэжым Лукашэнкі працягвае гібрыдную вайну супраць краінаў Еўрапейскага саюза — перадусім супраць Літвы і Польшчы. У выніку апошніх масавых выпадкаў кантрабанды цыгарэтаў з выкарыстаннем паветраных шароў Літва была вымушаная часова закрыць мяжу і нават прыпыніць палёты. Гэта чарговае сведчанне таго, што рэжым выкарыстоўвае кантрабанду як інструмент гібрыднай атакі супраць Еўропы».

    ШКОЛА ПАЛІТЫЧНЫХ КАМПАНІЯЎ ОФІСА СВЯТЛАНЫ ЦІХАНОЎСКАЙ

    40 актывістаў і прадстаўнікоў палітычных і грамадскіх арганізацыяў прайшлі навучанне ў адукацыйнай праграме Офіса Святланы Ціханоўскай. Школа аб’яднала анлайн-блок у верасні–кастрычніку і вочны модуль. Адукацыйная праграма была прысвечаная планаванню і рэалізацыі палітычных кампаніяў, а таксама выкарыстанню сучасных тэхналагічных інструментаў у палітычнай дзейнасці. Сярод спікераў школы былі прадстаўнікі Офіса Святланы Ціханоўскай, а таксама запрошаныя эксперты.

    СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ ПАВІНШАВАЛА БЕЛАРУСАЎ З ДЗЯДАМІ

    У першую суботу лістапада беларусы адзначаюць Дзяды — старажытнае свята ўшанавання продкаў. З гэтай нагоды Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў. «Не забывайце беларускія традыцыі — перадавайце іх дзецям і беражыце памяць у сваім сэрцы. Яны нагадваюць, што беларусы — сапраўды вялікая сям’я. Мы памятаем не толькі сваіх продкаў, але і тых, хто загінуў ад рук рэжыму. Тых, хто аддаў жыццё за Беларусь, хто змагаўся ва свабоду Украіны і за права быць вольнымі. Гэтая памяць — нашыя карані і нашая сувязь адно з адным»

    СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ АДРЭАГАВАЛА НА ІНЦЫДЭНТ НА БЕЛАРУСЬКАЛІІ

    На прадпрыемстве «Беларуськалій» у Салігорску адбыўся няшчасны выпадак, у выніку якога чатыры супрацоўнікі атрымалі хімічныя апёкі і траўмы.

    «Бяспека людзей павінна быць галоўным прыярытэтам на любым вырабніцтве. Важна правесці сумленнае расследаванне, каб зразумець, чаму гэта адбылося, і зрабіць усё, каб такое больш не паўтарылася».

    СУСТРЭЧА З ЕЎРАПЕЙСКІМІ ДЫПЛАМАТАМІ ПА ПЫТАННІ ВЫЗВАЛЕННЯ ПАЛІТВЯЗНЯЎ

    Пасольства Нідэрландаў у Польшчы сумесна з Прадстаўніцтвам па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і Прадстаўніцтвам дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэхіі арганізавалі брыфінг для еўрапейскіх дыпламатаў. 

    Галоўнай мэтай брыфінгу было інфармаванне пра сітуацыі з беларускімі палітвязнямі, магчымыя вызваленні новых групаў палітычных зняволеных, якіх гвалтоўна вывозяць з Беларусі.

    У сустрэчы ўдзел узяла дырэктарка Офіса дэмакратычных сілаў у Чэхіі Крысціна Шыянок, прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, а таксама прадстаўнікі Dissidentby, Volnyja, фонду «Краіна для жыцця».

    МЕДЫЯ

    На гэтым тыдні Ціханоўская дала інтэрв’ю наступным выданням: AP News (міжнароднае), Euronews (міжнароднае), La Croix (Францыя), THE NIGHTLY (Аўстралія), Radio France (Францыя), RFI (Францыя), RFI на русском, Dagens Nyheter (Швецыя).

    Апошнія навіны