Дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі здзейсніў працоўны візіт у Лондан, дзе правёў шэраг сустрэчаў, накіраваных на паглыбленне дыялогу паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і ўрадам Вялікабрытаніі, а таксама на ўмацаванне парламенцкіх і ўрадавых кантактаў.
Адна з ключавых сустрэчаў візіту адбылася з Хэнай Ша, спецыяльнай дарадцай прэм’ер-міністра Кіра Стармера па замежнай палітыцы. Дзяніс Кучынскі падзякаваў за паслядоўную падтрымку Вялікабрытаніі, у тым ліку за мэтанакіраваныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і сумесную заяву з Канадай і Аўстраліяй да пяцігоддзя беларускіх пратэстаў. Бакі абмеркавалі магчымасці далейшага супрацоўніцтва з офісам прэм’ер-міністра.
Асобная сустрэча адбылася з Маркам Клэйтанам, намеснікам дырэктара па Цэнтральнай Азіі і Усходняму суседству ў Міністэрстве замежных справаў і міжнароднага развіцця, адказным за супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Бакі падвялі вынікі кансультацыяў паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і Міністэрствам замежных справаў, запушчаных у 2025 годзе, і абмеркавалі далейшае развіццё дыялогу па ключавых напрамках — правы чалавека, культура і дыяспара, незалежныя медыя.
Парламенцкае супрацоўніцтва
Падчас сустрэчы з ценявой міністаркай замежных справаў Вялікабрытаніі Прыці Патэл і старшынёй Усепартыйнай парламенцкай групы «За свабоду і дэмакратыю ў Беларусі» Вэндзі Мортан, былі абмеркаваныя вынікі дзейнасці групы, яе планы і магчымасці для далейшага супрацоўніцтва, у тым ліку па пытаннях дапамогі беларусам у Вялікабрытаніі.
Сустрэчы завяршыліся папярэдняй дамоўленасцю аб арганізацыі чацвёртай сустрэчы Альянсу парламенцкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь» у Лондане вясной 2026 года. Яна адбудзецца разам з прэзентацыяй пакету рэформаў і законапраектаў для будучай дэмакратычнай Беларусі ў будынку брытанскага парламента, каб атрымаць экспертную ацэнку і рэкамендацыі ад дэпутатаў і юрыстаў.
Іншыя сустрэчы
Дзяніс Кучынскі таксама сустрэўся з Лордам Майклам Германам, членам ПАРЕ і дакладчыкам па пытаннях міграцыі і ўцекачоў. Размова была прысвечаная праблемам легалізацыі беларусаў у Вялікабрытаніі і Еўропе, а таксама магчымасцям выкарыстання досведу Рады Еўропы для распрацоўкі практычных рэкамендацыяў па падтрымцы беларусаў за мяжой.
Акрамя таго, адбыліся сустрэчы з Ліямам Фоксам, былым міністрам абароны Вялікабрытаніі, і Крысам Бэйтсам, міжнародным сакратаром Лейбарысцкай партыі, дзе абмяркоўвалі падтрымку дэмакратычных пераўтварэнняў, рэформаў у сферы бяспекі і дзяржаўную дапамогу беларусам у выгнанні.
Падчас візіту адбылася таксама сустрэча з прадстаўніцтвам TikTok, дзе абмяркоўвалі магчымасці паляпшэння ўмоваў для беларускага кантэнту і супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю. Дзяніс Кучынскі адзначыў, што каманда Святланы Ціханоўскай атрымала шмат прапановаў і зваротаў ад беларускіх карыстальнікаў і перадала іх кампаніі.
Дыпламатычны дарадца таксама звярнуў увагу на важнасць таго, каб беларуская мова і культура былі больш заўважнымі на платформе, і падзякаваў TikTok за адкрытасць да дыялогу і аднаўленне доступу да акаўнтаў Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі на тэрыторыі Беларусі. Бакі дамовіліся працягваць кантакт і абмяркоўваць магчымыя ініцыятывы, якія дапамогуць падтрымліваць беларускіх аўтараў і журналістаў.
