10 снежня Святлана Ціханоўская сустрэлася з Жазэпам Барэлем, Вярхоўным прадстаўніком Еўрапейскага саюза па замежных справах і палітыцы бяспекі і міністрамі замежных справаў ЕС.
Падчас сумеснага брыфінгу, па запрашэнні Жазэпа Барэля, беларуская лідарка зрабіла заяву:
«Я хачу падзякаваць Вярхоўнаму прадстаўніку Жазэпу Барэлю за запрашэнне ў Брусель, каб выступіць перад міністрамі замежных справаў ЕС і прыняць удзел у Кансультатыўнай групе ЕС-Беларусь. Мы ведаем і адчуваем, што ЕС цвёрда падтрымлівае беларускі дэмакратычны рух і не прызнае нелегітымнага Лукашэнку прэзідэнтам.
Cупрацоўніцтва паміж дэмакратычнай Беларуссю і ЕС сапраўды выдатнае. І гэта беспрэцэдэнтна. Але мы жывём у нетрадыцыйны час, які патрабуе нетрадыцыйных рашэнняў.
Маё галоўнае пасланне: ЕС мусіць распрацаваць комплексную стратэгію па абароне незалежнасці Беларусі і вывесці Беларусь на шлях дэмакратычнага развіцця. Для гэтага важна закрыць шчыліны ў санкцыях, прыцягнуць да адказнасці паплечнікаў Лукашэнкі, а таксама падтрымаць беларускі дэмакратычны рух і палітвязняў.
ЕС павінен ясна даць зразумець: Беларусь – гэта не Расія. Беларусь – гэта Еўропа. Будучыня Беларусі – у Еўрасаюзе. Беларусы хочуць ведаць, што іх краіна не будзе аддадзена Пуціну ў якасці суцяшальнага прыза.
Я веру, што Украіна, Малдова і Грузія сапраўды заслугоўваюць сяброўства ў Еўрапейскім Саюзе. Але беларусы таксама гэтага заслугоўваюць. Мы разумеем, што гэты шлях доўгі, але ён – адзіны, які магчымы для Беларусі.
Беларусь – гэта не толькі частка праблемы, але і частка рашэння. Дэмакратычныя перамены ў Беларусі стануць вялізным ударам па Расіі і лепшай дапамогай Украіне. Лёсы Беларусі і Украіны пераплецены.
Мы заклікаем еўрапейскіх міністраў не прызнаваць вынікі так званых «выбараў» Лукашэнкі ў 2024 годзе. Гэта фэйк і фарс. Мы прапануем увесці санкцыі супраць Расіі за падрыў незалежнасці Беларусі. Мы прапануем пачаць расследаванне злачынстваў Лукашэнкі, у тым ліку – па факце выкрадання ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый. Мы патрабуем неадкладнага і безумоўнага вызвалення палітычных зняволеных, і ў першую чаргу тых, хто знаходзіцца ў цяжкім стане. Мы прапануем уключыць у санкцыйны спіс суддзяў, пракурораў, прапагандыстаў, а таксама вайскоўцаў, якія маюць дачыненне да злачынстваў супраць беларусаў і ўкраінцаў».