Распавядаем пра ключавыя тэмы, якія ўздымалі спікеры на панэльных дыскусіях:
📌 Першая панэль: спікеры акцэнтавалі ўвагу на ўмацаванні ўнутранай і знешняй палітыкі, падтрымцы Украіны, а таксама абмеркавалі важнасць актыўнай ролі беларускай дыяспары ў сусветнай супольнасці.
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павел Латушка падкрэсліў: «Важна, каб тэму адказнасці рэжыму за міжнародныя злачынствы таксама адвакатавалі нашыя дыяспары. Каб мы выступілі адзіным фронтам і адправілі Лукашэнку на выбары 2025 года ў якасці падазронага ў міжнародных злачынствах».
📌 Другая панэль: галоўнай тэмай дыскусіі стала важнасць развіцця адносінаў Украіны з дэмакратычнай Беларуссю. Спікеры разважалі пра супрацоўніцтва краінаў ва ўмовах геапалітычных выклікаў і вызначалі напрамкі для паляпшэння ўзаемадзеяння.
Амбасадар Украіны па асаблівых даручэннях у Беларусі Ігар Кізім заявіў: «Рэжым, які ў Беларусі ёсць зараз – пагроза для бяспекі Украіны. Стратэгічная зацікаўленасць Украіны ў тым, каб на паўночных межах краіны была дэмакратычная Беларусь – з празрыстай палітыкай і зразумелымі рашэннямі ўрада».
📌 Трэцяя панэль: удзельнікі падкрэслілі важнасць каардынацыі высілкаў. Вырашэнне праблемаў, з якімі сутыкаюцца беларусы ў краіне і за яе межамі, патрабуе супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі і ўладамі розных краінаў. У тым ліку – для вырашэння пытанняў легалізацыі, падтрымкі палітвязняў і развіцця беларускай культуры і ідэнтычнасці.
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Валер Кавалеўскі адзначыў: «Праца па праекце пашпарта – прыярытэт. І праекту патрэбны ваш удзел. Першае, хутка мы арганізуем перапіс беларусаў па свеце, каб зразумець, колькі людзей жыве ў пэўных краінах і колькі з іх маюць патрэбу ў пашпарце. Другое, мы правядем збор на дзейнасць органа выдачы пашпарта».