Апошнімі месяцамі мы фіксуем новую хвалю затрыманняў па палітычных матывах. Рэжым свядома выкарыстоўвае заканчэнне тэрмінаў даўнасці па асобных артыкулах Крымінальнага кодэкса як тактыку ціску: тэрмін даўнасці «народнага» артыкула 342 у шэрагу выпадкаў заканчваецца ўжо летам. Але гэта не пазбаўляе ад рызыкі крымінальнага пераследу!
Чаму заканчэнне тэрміну даўнасці можа не выратаваць? Адказвае дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў:
- Пры затрыманні могуць знайсці падставу для новай справы. Пры затрыманні вашыя прылады і перапіску абавязкова правераць. За тыя гады, што мінулі з пратэстаў, вы маглі напісаць каментар, зрабіць данат або рэпост, які дзяржава палічыць новым «злачынствам».
- Тэрмін прыпыняецца, калі вы з’ехалі і вас абвясцілі ў вышук. Калі справу па артыкуле 342 завялі даўно, а вы паспелі з’ехаць ці схавацца, звычайны тэрмін даўнасці ў пяць гадоў усё роўна дзейнічае. Аднак калі вас абвясцілі ў вышук, тэрмін даўнасці павялічваецца да 15 гадоў. Гэта тычыцца як людзей за мяжой, так і тых, хто хаваецца ўнутры Беларусі.
- Рэжым можа пачаць пераследваць за ўдзел у мірных пратэстах 2020 года па больш цяжкіх артыкулаў. Напрыклад, па артыкуле 293 КК РБ — удзел у масавых беспарадках.
- Каб спыніць крымінальную справу, трэба правесці пэўныя працэсуальныя дзеянні. Гэта з большай верагоднасцю прывядзе да вашага затрымання і, магчыма, утрымання пад вартай да таго моманту, пакуль справа не будзе спыненая або пакуль у рэжыму не з’явіцца іншай падставы для пераследу.
➖ Рэжым хоча паказаць людзям, што час нічога не мяняе — і за любую форму іншадумства людзі будуць карацца нават праз гады
«Пры гэтым нядаўнія памілаванні не павінны ствараць ілюзіі змякчэння палітыкі Лукашэнкі. Паводле звестак Праваабарончага цэнтра «Вясна», колькасць новых палітвязняў перавышае колькасць памілаваных: з 18 студзеня было вызвалена 105 чалавек, у той час як палітвязнямі прызнаныя 157. Сапраўды важна памятаць: тэрмін даўнасці — гэта не гарантыя бяспекі. Абарона ад пераследу патрабуе вашай асцярожнасці і разумення рэальных рызыкаў».