У другі дзень Варшаўскай канферэнцыі па бяспецы Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у дыскусіі «Незламаныя: барацьба за дэмакратычны суверэнітэт у варожым асяроддзі». Сумесна з беларускай лідаркай у панэлі ўдзельнічалі мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі, пятая прэзідэнтка Грузіі Саломэ Зурабішвілі, віцэ-старшыня Open Society Foundations Даніэль Сакс, лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру Александра Матвійчук.
Святлана Ціханоўская распавяла, як і чаму трэба супрацьстаяць расійскай прапагандзе
- Барацьба супраць рэжыму — пытанне бяспекі ўсяго рэгіёну
«Для забеспячэння бяспекі ў рэгіёне ў нашых партнёраў ёсць толькі адзін выбар — падтрымліваць дэмакратычны рух. Бо альбо гэта будзе Лукашэнка, які служыць інтарэсам Пуціна і будзе пастаяннай пагрозай бяспецы нашых суседзяў і ўсяго заходняга свету, альбо гэта дэмакратычныя сілы, што падзяляюць еўрапейскія каштоўнасці, хочуць зноў стаць часткай еўрапейскай сям’і краінаў і быць крыніцай стабільнасці, надзейным партнёрам для нашых суседзяў». - Неабходна працягваць эканамічную падтрымку грамадзянскай супольнасці
«Нам трэба абараняць сваю нацыянальную ідэнтычнасць, таму што Расія робіць у Беларусі тое ж самае, што яны робяць на акупаваных тэрыторыях Украіны. Яны хочуць сцерці ўсё нацыянальнае з краіны. Ідзе працэс русіфікацыі ў Беларусі. Яны хочуць зруйнаваць і перапісаць нашую гісторыю, сцерці ўсё, што злучае нас з Еўропай, і толькі падкрэсліць тое, што злучае нас з Расіяй». - Бяспека — гэта не толькі ваенная сіла
«Ваенная сіла часам бессэнсоўная, калі няма людзей, гатовых абараняць сваю зямлю і свае каштоўнасці. Трэба інвеставаць у беларусаў, таму што мы з’яўляемся часткай рэгіянальнай бяспекі. Не ігнаруйце Беларусь, не абмінайце Беларусь у мірных перамовах, таму што нам не патрэбны прарасійскі «балкон Лукашэнкі» над Еўропай. Пуцін хоча паставіць сваіх уласных «Лукашэнак» або «Януковічаў» у кожнай краіне проста каб кіраваць. Таму трэба інвеставаць у людзей. Гэта сапраўды важна, бо людзі — гэта нашая сіла».