Падчас візіту ў Варшаву Святлана Ціханоўская далучылася да канферэнцыі, прысвечанай тэме «Бяспека дэмакратыі». Мерапрыемства ладзіла Польскае агенцтва друку (PAP), сярод удзельнікаў — прадстаўнікі вядучых польскіх СМІ, такіх як TVP Info, Polska Press, Polskie Radio 24.
Сваё слова падчас івэнту беларуская лідарка прысвяціла ролі Беларусі ў расійскай агрэсіі і магчымым вынікам мірных перамоваў:
«Без Беларусі Пуцін ніколі б не паспрабаваў захапіць Кіеў. Без Беларусі Расія ніколі не зможа шантажаваць Польшчу і краіны Балтыі. Без Беларусі Пуцін не зможа абысці санкцыі.
Мірныя перамовы па Украіне, якія праходзяць цяпер, могуць стварыць зусім новую сітуацыю. У выпадку спынення агню ўвага да Беларусі вернецца.
І гэтая сітуацыя можа развівацца па адным з двух сцэнарыяў: альбо Расія паспрабуе ўмацаваць свой кантроль над Беларуссю, альбо мы здолеем вырваць яе з-пад уплыву Расіі.
Мы ўсе хочам міру, але ён не павінен будавацца на падначаленні. Ён павінен быць справядлівым і трывалым».