На выходных на прастору «Кропка» здзейснілі напад. Святлана Ціханоўская наведала краму, каб падтрымаць Змітра Фурманава і каманду. Лідарка сцвердзіла: правакацыі не павінны ўплываць на ўзаемаразуменне паміж беларусамі і літоўцамі. Разам з Ціханоўскай «Кропку» наведалі амбасадарка ў асаблівых даручэннях літоўскага МЗС Аста Андрыяўскіене і дэпутат Сейма Літвы Томас Тамілінас.
«Рэжыму не падабаюцца добрыя адносіны паміж народам Літвы і беларусамі. І ён увесь час здзяйсняе такія правакацыі, каб сутыкнуць нас ілбамі. Гэта робіцца для таго, каб выклікаць негатыўнае стаўленне да беларусаў і пасеяць страх сярод беларусаў. У дэмакратычным грамадстве не павінна існаваць ксенафобіі ў аніякім выглядзе», – адзначыла Святлана Ціханоўская.
Таксама Ціханоўская падзякавала літоўскаму ўраду за вельмі хуткую рэакцыю на здарэнне. Лідарка ўпэўнена: улады Літвы разбяруцца ў інцыдэнце – і вінаватыя будуць пакараныя.
📍 Падтрымаць «Кропку» можна наведаўшы краму і купіўшы там вырабы беларускіх майстроў і майстрыц: Savičiaus g. 6, Вільня.