Падчас візіту ў Кіеў Святлана Ціханоўская выступіла перад амбасадарамі і прадстаўнікамі больш за 20 краінаў Еўрапейскага Саюза, ЗША, Вялікабрытаніі і іншых міжнародных партнёраў Украіны. Сустрэча адбылася пры падтрымцы Прадстаўніцтва ЕС у Кіеве.
Падчас сустрэчы абмяркоўваліся вынікі супрацоўніцтва паміж Украінай і беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Ціханоўская падкрэсліла, што гэты візіт стаў важным сігналам як для беларускага грамадства, так і для міжнароднай супольнасці: Украіна ўсё больш разглядае Беларусь як частку рэгіянальнай бяспекі, а рэжым Лукашэнкі — як пагрозу.
Асобная ўвага была нададзеная санкцыйнаму ціску на рэжым Лукашэнкі, міжнароднай адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці, падтрымцы беларускіх добраахвотнікаў і супольным адукацыйным і культурным ініцыятывам.
Святлана Ціханоўская:
«Я шчыра веру, што гэты візіт не проста сімвалічны. Ён закладвае аснову для значна больш глыбокага супрацоўніцтва паміж Украінай і дэмакратычнай Беларуссю. Што да асабістага, мая галоўная мэта падчас гэтага візіту — паказаць украінцам, што мы на іх баку. І я думаю, што за апошнія гады, дзякуючы напружанай працы многіх людзей і дзякуючы вашай падтрымцы, стаўленне да Беларусі змянілася. І Украіна выразна адрозніла злачынны рэжым ад беларускага народа».
