У інтэрв’ю польскаму выданню «РАР» беларуская лідарка падкрэсліла важнасць вызвалення беларускіх палітвязняў і падтрымкі беларусаў у замежжы, а таксама адзначыла: змяніць сітуацыю ў Беларусі змогуць людзі, а не санкцыі.
Асноўнае з размовы:
📌 «Я хачу вярнуцца дадому, я не хачу быць эмігрантам на ўсё жыццё. Калі я выматаная, я заўсёды стаўлю сябе на месца тых, хто цяпер сядзіць у турмах, напрыклад, на месца Анджэя Пачобута або на месца майго мужа. Гэтыя людзі, нашыя блізкія, сваякі, сябры залежаць ад нас. Мы для іх адзіная надзея. Вызваленне нашых грамадзян, вядома, з’яўляецца для нас галоўным прыярытэтам».
📌 «Сітуацыю ў Беларусі зменяць не санкцыі, а людзі. Таму мы павінны падтрымліваць энергію тых, хто цяпер знаходзяцца ў эміграцыі. Яны павінны адчуваць сябе дастаткова камфортна, каб працягваць сваю барацьбу».
📌 «Тое, што цяпер робіць Польшча – выдатна, таму што яна аказвае ціск на рэжым Лукашэнкі і адначасова падтрымлівае беларусаў. Польшча можа быць прыкладам для іншых, як ставіцца да Беларусі, як адрозніваць беларускі рэжым і беларускі народ. Польшча ясна дэманструе, што павінен быць пакараны рэжым, а не грамадзяне».
📌 «Трэба разумець, што Белсат – гэта не проста звычайны тэлеканал. Рэжым так ненавідзіць Белсат, бо ён вельмі ўплывовы ў Беларусі. Я ў кантакце з польскімі ўладамі з нагоды Белсата, і мы спрабуем знайсці найлепшае рашэнне не толькі для беларусаў, але і для Польшчы».