Падчас міжнароднага мерапрыемства LOGIN 2024 у Вільні беларуская лідарка ўзяла ўдзел у дыскусіі, прысвечанай беларускаму шляху да дэмакратыі, а таксама выклікам, з якімі сутыкаецца краіна, і яе перспектывам і магчымасцям.
Святлана Ціханоўская аналізавала стан справаў у галіне правоў чалавека ў Беларусі, і распавядала ўдзельнікам пра палітзняволеных, якія знаходзяцца ў жахлівых умовах беларускіх турмаў, у тым ліку – у рэжыме інкамунікада.
Таксама лідарка падсвяціла сутнасць працы дэмакратычных сілаў Беларусі і ўзняла пытанне пра ролю беларускай дыяспары ў Літве. Ціханоўская заклікала беларусаў і літоўцаў шукаць шляхі для супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння, адзначыўшы: нельга дазваляць дыктатарам расколваць і сварыць нашыя народы.
Важнай тэмай падчас канферэнцыі стаў ціск на рэжым, эфектыўнасць гэтых захадаў і прыярытэт у ізаляцыі рэжыму Лукашэнкі без наступстваў для беларусаў і беларусак.
«Важна падзяляць Беларусь і Расію. Важна падзяляць беларусаў і рэжым. Важна, каб людзі адчувалі, што ў іх есць еўрапейская будучыня. Чым больш сувязяў паміж Беларуссю і Еўропай – тым менш расійскага ўплыву на нашу краіну», – падкрэсліла Святлана Ціханоўская падчас канферэнцыі.