22 студзеня 2026 года ў рамках Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у закрытай дыскусіі Faith in Action: Leading the Spirit of Dialogue, якая прайшла ў фармаце вячэры без удзелу прэсы.
Мерапрыемства сабрала высокапастаўленых прадстаўнікоў урадаў, бізнесу і рэлігійных супольнасцяў з розных рэгіёнаў свету. Сярод удзельнікаў былі кіраўнік Habitat for Humanity Джонатан Рэкфард, прэзідэнт Нацыянальнай асацыяцыі евангелістаў ЗША Уолтэр Кім, прэзідэнт Саюза рэфармісцкага юдаізму рабін Рычард Джэйкабс, будыйскі манах і мысляр Сёкэй Мацумота, прадстаўнікі мусульманскіх супольнасцяў, у тым ліку генеральны сакратар Сусветнай мусульманскай лігі Мухамад аль-Іса, а таксама лідары дабрачынных і міжканфесійных ініцыятываў.
У сваім выступе Святлана Ціханоўская гаварыла пра сувязь веры, годнасці і свабоды, а таксама пра сітуацыю ў Беларусі, дзе, паводле яе словаў, у людзей адабралі не толькі палітычныя правы, але і базавую чалавечую годнасць. Яна адзначыла, што Беларусь сёння — адна з лідараў у свеце па колькасці зняволеных святароў і прадстаўнікоў рэлігійных супольнасцяў, а малітва і вера могуць стаць падставай для пераследу.
Ціханоўская распавяла пра мірныя пратэсты 2020 года, у якіх разам выступалі людзі розных веравызнанняў — аб’яднаныя агульнымі каштоўнасцямі праўды, салідарнасці і чалавечнасці. Яна падкрэсліла, што нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі, турмы і выгнанне, беларусы працягваюць змагацца — унутры краіны і за яе межамі.
Асобна Святлана Ціханоўская ўзгадала вызваленне свайго мужа пасля пяці гадоў зняволення і ізаляцыі, адзначыўшы, што вера дапамагла яму выжыць. Яна заклікала духоўных лідараў выкарыстоўваць свой аўтарытэт і голас, каб патрабаваць вызвалення ўсіх палітвязняў.
«Свабода — гэта не абстрактнае паняцце. За яе змагаюцца і гінуць людзі. У Беларусі, ва Украіне, у Іране і ў многіх іншых краінах», — адзначыла Ціханоўская.
Дыскусія Faith in Action стала пляцоўкай для дыялогу пра агульныя маральныя каштоўнасці, адказнасць і ролю веры ў свеце, які сутыкаецца з вайной, гвалтам і аўтарытарызмам.
