19–23 студзеня Святлана Ціханоўская возьме ўдзел у штогадовым пасяджэнні Сусветнага эканамічнага форуму (WEF) у Давосе. Падчас форуму яна правядзе сустрэчы і дыскусіі з высокапастаўленымі палітычнымі лідарамі, прадстаўнікамі бізнесу і грамадзянскай супольнасці — пра глабальную бяспеку, устойлівасць дэмакратыяў і ролю Беларусі ў зменлівым геапалітычным ландшафце.
🗓 19 студзеня — Давос
Святлана Ціханоўская возьме ўдзел у дыскусіі «Яе сіла» — дыялогу высокага ўзроўню пра развіццё жаночага лідарства ва ўмовах хуткіх глабальных зменаў. Праграма будзе прысвечаная таму, як паскорыць прагрэс у правах жанчын і іх прадстаўніцтве праз інавацыі, палітыку і партнёрствы паміж сектарамі.
🗓 21 студзеня — Давос
Святлана Ціханоўская выступіць панэлісткай на афіцыйным брыфінгу «Ці здольная Расія падтрымліваць ваенную эканоміку?» Абмеркаванне будзе прысвечанае эканамічнай устойлівасці Расіі ва ўмовах санкцыяў, жыццяздольнасці яе ваеннай эканамічнай мадэлі і наступствам для вайны супраць Украіны, еўрапейскай бяспекі і глабальнай стабільнасці.
🗓 21 студзеня — Давос
Пазней у гэты ж дзень яна ўдзельнічае ў сайд-івэнце Community of Democracies «Frontier Democracies — Democracy’s Frontiers». Панэль будзе прысвечаная выклікам для дэмакратыяў: у тым ліку адраджэнню аўтарытарызму і тэхналагічным зрухам, а таксама поглядам тых, хто абараняе свабоду знутры аўтарытарных рэжымаў.
🗓 22 студзеня — Давос
Святлана Ціханоўская возьме ўдзел у двух закрытых нефармальных сустрэчах сусветных эканамічных лідараў. Ранішні круглы стол «Новая эпоха геапалітычнай нявызначанасці» будзе прысвечаны кіраванню ўзмацненнем геапалітычнай канкурэнцыі і пошуку новых шляхоў да стабільнасці. Пазней яна далучыцца да круглага стала «Новая геапалітычная стратэгія Еўропы», прысвечанага стратэгічным прыярытэтам Еўропы, партнёрствам і доўгатэрміновай бяспецы ва ўмовах зменлівага свету.
Таксама Святлана Ціханоўская ўдзельнічае ў мерапрыемствах высокага ўзроўню, прысвечаных жаночаму лідарству і дыялогу на аснове каштоўнасцяў, уключна з мерапрыемствам «Вера ў дзеянні: лідарства ў духу дыялогу», дзе яна будзе мадэратаркай дыскусіі.
На працягу ўсяго форуму Святлана Ціханоўская будзе працягваць заклікаць да ўстойлівага міжнароднага ціску на рэжым у Беларусі, вызвалення палітвязняў і моцнай міжнароднай падтрымкі беларусаў у іх змаганні за свабоду, суверэнітэт і дэмакратычныя перамены.
Таксама запланаваны шэраг інтэрв’ю для міжнародных СМІ.
