Падчас працоўнага візіту ў Берлін Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністаркай адукацыі Германіі Бэцінай Штарк-Ватцынгер. Гэтая сустрэча стала важнай падзеяй у развіцці адукацыйных магчымасцяў для беларусаў у Германіі. Разам з Ціханоўскай удзел у ёй бралі намеснік лідаркі ў Аб’яднаным Пераходным Кабінеце Павел Латушка і Аліна Коўшык.
Сёння Германія прадастаўляе 156 стыпендыяў і грантаў для беларускіх студэнтаў і навукоўцаў. Святлана Ціханоўская заклікала павялічыць колькасць візаў, стыпендыяў і адукацыйных праграмаў для беларусаў, а таксама абмеркавала пашырэнне праграмаў DAAD.
Таксама Ціханоўская прапанавала выключыць патрабаванне для беларускіх студэнтаў прадастаўляць дакументы, якія трэба атрымліваць у Беларусі, каб больш маладых людзей маглі працягваць навучанне за мяжой без рызыкі для бяспекі.
Лідарка таксама адзначыла: пашырэнне адукацыйных магчымасцяў было зафіксавана ў рэзалюцыях Бундэстага і ПАРЕ ў Люксембургу – гэтыя дакументы накіраваныя на забеспячэнне правоў беларусаў на адукацыю.