У Мадрыдзе Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з абраным прэзідэнтам Венесуэлы ў выгнанні Эдмунда Гансалесам, якога многія краіны прызнаюць пераможцам выбараў. Падчас сустрэчы яны таксама патэлефанавалі Марыі Карыне Мачада, лідэрцы дэмакратычных сіл венесуэлы, якая знаходзіцца ў падполлі ў Венесуэле.
Святлана Ціханоўская выказала падтрымку і салідарнасць венесуэльскаму народу, які працягвае змаганне за свабоду і дэмакратыю, нягледзячы на сфальшаваныя выбары і жорсткія рэпрэсіі.
Ціханоўская і лідэры венесуэльскіх дэмакратычных сілаў абмеркавалі магчымыя супольныя дзеянні на міжнароднай арэне, у тым ліку супрацу з краінамі Лацінскай Амерыкі, шляхі ціску на дыктатарскія рэжымы, а таксама спосабы, як дамагчыся вызвалення палітычных зняволеных.
Асобна была ўзнятая тэма супрацоўніцтва рэжымаў Лукашэнкі і Мадура. Удзельнікі сустрэчы дамовіліся аб’яднаць намаганні, каб эфектыўна супрацьстаяць гэтым сувязям.
Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што дэмакратычныя сілы Беларусі будуць надалей падтрымліваць венесуэльскі народ у іх барацьбе: «Мы змагаемся за аднолькавыя каштоўнасці — свабоду, годнасць і справядлівасць, і супраць аднаго і таго ж зла — тыраніі і беззаконня».