Падчас сустрэчы з Эрыкам Нусбаўмерам асобную ўвагу беларуская лідарка надала пытанню палітвязняў і апошнім смярцям за кратамі, а таксама ўзняла тэму паўзучай акупацыі Беларусі Расіяй і неабходнасць ціску на рэжым разам з Еўрасаюзам.
Таксама бакі абмеркавалі магчымасць стварэння групы сяброў Беларусі ў швейцарскім Парламенце і яе далучэння да міжнароднага Альянсу парламенцкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь», у які ўваходзяць ужо 24 краіны свету.
Святлана Ціханоўская заклікала Швейцарыю падтрымаць дэмакратычную Беларусь у парламенцкіх асамблеях, а таксама прапанавала правесці слуханні па Беларусі ў Камітэце па замежных справах швейцарскага Парламента.
Акрамя таго, беларуская лідарка распавяла пра міжнародную праграму падтрымкі беларускіх палітвязняў. Ціханоўская заклікала спікера далучыцца да больш чым 400 дэпутатаў з розных краін і стаць сімвалічным хросным для аднаго з палітвязняў.
Напрыканцы сустрэчы Святлана Ціханоўская запрасіла Нусбаўмера і дэпутатаў наведаць Вільню і Варшаву, дзе ў іх будзе магчымасць сустрэцца з сем’ямі палітвязняў, былымі зняволенымі, а таксама з беларускай грамадзянскай супольнасцю і журналістамі.