Я ўдзячная кожнаму, хто ўзяў удзел у выбарах у Каардынацыйную Раду — як выбаршчык ці кандыдат, нягледзячы на ціск і рэпрэсіі з боку рэжыму. Спадзяюся, абноўленая Каардынацыйная Рада стане пляцоўкай для ўзгаднення стратэгій, для дыскусій і кансультацый паміж рознымі актарамі дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці. І я радая, што людзі з рознымі поглядамі і пазіцыямі ўвайшлі ў яе склад.
Хацелася б бачыць Каардынацыйную Раду не пляцоўкай для высвятлення адносінаў — хаця, мабыць, гэтага не пазбегнуць — а эфектыўнай арганізацыяй для каардынацыі і супрацы. Каб змяніць сітуацыю ў Беларусі, каб вярнуцца дадому і вызваліць нашых блізкіх, патрэбны намаганні кожнага. У бліжэйшы час я планую сустрэцца з абранымі дэлегатамі, каб абмеркаваць, як арганізаваць супольную працу.