Ціханоўская прыме ўдзел у асноўнай праграме, сайд-івэнтах і правядзе шэраг палітычных сустрэчаў. У межах праграмы таксама пройдзе панэльная дыскусія «Фокус на Беларусі» з удзелам Святланы Ціханоўскай, міністра замежных справаў Літвы Кястуціса Будрыса і сенатара ЗША Пітэра Уэлча. У беларускай лідаркі запланаваны шэраг інтэрв’ю з міжнароднымі СМІ ў Мюнхене.
Тэмы, якія плануе абмеркаваць Ціханоўская: падзеі ва ўзаемадзеянні з адміністрацыяй прэзідэнта Трампа, гуманітарны напрамак, звязаны з палітычнымі зняволенымі, працу з ЕС у межах санкцыйнай палітыкі, а таксама стратэгіі ў дачыненні да Беларусі і Украіны — асабліва ў кантэксце першай афіцыйнай сустрэчы Ціханоўскай з прэзідэнтам Зяленскім, якая адбылася 25 студзеня.
62-я Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы — пляцоўка, дзе сотні асобаў, якія прымаюць рашэнні, і лідараў грамадскай думкі з розных рэгіёнаў свету абмяркуюць ключавыя выклікі ў сферы бяспекі. Амаль 50 кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў з усяго свету ўжо пацвердзілі свой удзел у MSC 2026. Сярод іх — лідары большасці еўрапейскіх краінаў, а таксама шырокая дэлегацыя Федэральнага ўрада Германіі на чале з федэральным канцлерам Фрыдрыхам Мерцам. Беларуская лідарка запрошаная на канферэнцыю пяты год запар.
