Беларуская лідарка працягвае працоўны візіт у Варшаву. Сёння Святлана Ціханоўская і Павел Латушка сустрэліся з міністрам развіцця і тэхналогіяў Польшчы Кшыштафам Пашыкам. Сустрэча была прысвечаная пытанням падтрымкі беларускай дэмакратычнай супольнасці, прадпрымальнікаў і тых беларусаў, якія знайшлі прытулак у Польшчы.
У Польшчы сёння зарэгістравана больш за 18 000 прадпрымальнікаў і кампаніяў з беларускімі ўладальнікамі. Святлана Ціханоўская падкрэсліла важнасць усебаковай падтрымкі сумленнага бізнесу, які падтрымлівае дэмакратычныя і еўрапейскія каштоўнасці і не супрацоўнічае з рэжымам Лукашэнкі.
Пра што ішла гаворка падчас сустрэчы?
- Стварэнне праграмы рэлакацыі для беларускага бізнесу з празрыстымі крытэрыямі і працэдурай праверкі кандыдатаў;
- Арганізацыя гарантыйнага фонду для падтрымкі беларускага бізнесу ў ЕС, які можа фінансавацца праз Еўрапейскую камісію;
- Дадатковыя праграмы падтрымкі дробнага бізнесу і беларускіх прадпрымальнікаў праз польскія інстытуцыі;
- Спрашчэнне працэдураў для адкрыцця банкаўскіх рахункаў і паляпшэнне ўмоваў доступу да фінансавання.
Акрамя таго, бакі дамовіліся пра правядзенне ў гэтым годзе вялікага беларуска-польскага бізнес-форуму, дзе будуць абмяркоўвацца праблемы і шляхі падтрымкі беларускага бізнесу ў Польшчы і Еўропе.
Міністэрства Развіцця апублікуе інструкцыі для беларускага бізнесу і беларусаў, якія хочуць пачаць прадпрымальніцкую дзейнасць у Польшчы, а таксама інфармацыю пра існуючыя магчымасці падтрымкі.
Святлана Ціханоўская: «Беларускі бізнес – гэта аснова будучай свабоднай эканомікі Беларусі. Мы павінны захаваць яго, падтрымліваць і развіваць. Гэтыя кампаніі абавязкова вернуцца ў Беларусь, каб будаваць новую краіну».