Падчас працоўнага візіту ў Жэневу беларуская лідарка сустрэлася са спецдакладчыкам ААН па свабодзе мірных сходаў і асацыяцыяў Клеманам Вулем. На сустрэчы Святлана Ціханоўская абмеркавала бягучую сітуацыю з палітвязнямі і распавяла пра рэжым інкамунікада, у якім трымаюць людзей у турмах. Таксама лідарка надала ўвагу тэме легалізацыі беларусаў за мяжой, у прыватнасці праблемам аднаўлення дакументаў.
Асобнай тэмай дыялогу сталі безвыбары. Лідарка падкрэсліла: гэты палітычны фарс адбыўся ў атмасферы тэрору і запалохвання народу. Таксама Святлана Ціханоўская распавяла спецдакладчыку пра абставіны, у якіх прайшлі безвыбары: 11 беларускіх палітычных партыяў былі ліквідаваныя, многія лідары апынуліся ў турмах, не былі дапушчаныя альтэрнатыўныя кандыдаты, лідары прафсаюзаў атрымалі тэрміны да 9 гадоў турмы. Лідарка таксама распавяла пра 1350 ліквідаваных НДА і больш за 15000 крымінальных справаў пасля 2020 году.
Напрыканцы сустрэчы Святлана Ціханоўская заклікала спецдакладчыка падтрымаць працу механізмаў у межах ААН па Беларусі, а менавіта працу спецдакладчыка і экспертнай групы, якая збірае доказы аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі.