Сёння Святлана Ціханоўская пачала працоўны візіт у Польшчу з сустрэчы з мэрам Варшавы Рафалам Тшаскоўскім. Разам з ёй на сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павел Латушка, Валер Кавалеўскі і Аліна Коўшык.
Беларуская лідарка прапанавала мэру правесці сумесную інфармацыйную кампанію ў падтрымку Анджэя Пачобута і беларускіх палітвязняў для прыцягнення міжнароднай увагі да гэтай праблемы. Таксама Ціханоўская папрасіла падоўжыць праграму падтрымкі рэпрэсаваных беларускіх сем’яў жытлом.
Святлана Ціханоўская ўзняла пытанне вылучэння памяшканняў для беларускіх арганізацыяў і ініцыятываў у Варшаве, каб яны маглі працягваць і развіваць сваю працу. Таксама лідарка папрасіла мэра разгледзець магчымасць стажыровак для беларусаў у гарадскіх установах і заснаваць стыпендыю для беларускіх культурных дзеячаў у Варшаве, як гэта зроблена ў іншых гарадах Польшчы.
Напрыканцы сустрэчы Ціханоўская прапанавала мэру Варшавы далучыцца да дня салідарнасці з Беларуссю, які пройдзе 25 сакавіка.