Сёння, у Сейме Літоўскай Рэспублікі, прайшло пашыранае паседжанне дэпутацкай групы «За дэмакратычную Беларусь» з удзелам Святланы Ціханоўскай, прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінета, Каардынацыйнай рады, беларускіх палітычных партый, грамадзянскіх ініцыятыў і аналітычных цэнтраў.
З літоўскага боку ў сустрэчы ўдзельнічалі старшыня групы Юозас Олекас, яго намеснік Жыгімантас Павілёніс, старшыня Камітэта па міжнародных справах Рэмігіюс Мотузас, дэпутаты Эмануэліс Зінгерыс, Русланас Барановас, Томас Тамілінас і іншыя.
З беларускага боку, акрамя Святланы Ціханоўскай удзельнічалі прадстаўнікі дэмакратычных сілаў, грамадскіх ініцыятываў «Разам», Музея Луцкевіча, супольнасці бацькоў беларускамоўных дзяцей, палітычных сіл АГП, БСДП «Грамада», «Наша партыя», СДЖ, БХД, «Народная Грамада», а таксама экспертнай супольнасці.
Падчас сустрэчы Святлана Ціханоўская падзякавала літоўскаму боку за выключэнні ў дачыненні да беларусаў, за падтрымку палітвязняў і беларускамоўных медыя, за спрашчэнні легалізацыі і за прынцыповую пазіцыю не ўраўноўваць беларусаў з грамадзянамі Расіі.
Удзельнікі абмеркавалі два дакументы — праект мемарандума аб партнёрстве паміж Сеймам Літвы і дэмакратычнымі сіламі Беларусі, а таксама сумесную заяву аб павазе да гістарычнай спадчыны і нацыянальнай ідэнтычнасці. Прапановы па гэтых дакументах будуць працягвацца ў рабочым фармаце.
Асобна было ўзнятае пытанне прававога статусу добраахвотнікаў, якія бароняць Украіну. Прадстаўнік добраахвотнікаў Алесь Клачко выказаў прапанову неабходнасці індывідуальнага падыходу і падтрымкт гэтых людзей. Таксама абмяркоўваліся пытанні беларускамоўнай адукацыі і дыяспары.
Падрабязней — глядзіце ў відэа.