Святлана Ціханоўская разам з дарадцамі Франакам Вячоркам і Анатолем Лябедзькам, прадстаўнікамі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета сустрэліся з новым польскім кіраўніцтвам – спікерам Сейма Шыманам Галоўняй і спікеркай Сената Малгажатай Кідава-Блоньскай. Спікеры заверылі беларускі бок у поўнай падтрымцы дэмакратычных сілаў Беларусі.
Бакі абмеркавалі стварэнне беларускіх школаў у Польшчы і пашырэнне магчымасцяў для беларускамоўнай адукацыі дзяцей. Таксама разглядаліся пытанні стажыровак для беларусаў у польскіх дзяржустановах, якія могуць ладзіцца ў рамках праекта «Кадравы рэзерв».
Падчас сустрэчаў дамовіліся аб правядзенні слуханняў па Беларусі ў Сейме і Сенаце, пасля якіх будзе прынятая рэзалюцыя. Плануецца, што дакумент будзе ўключаць падтрымку еўрапейскага выбару Беларусі, заклік аб неадкладным вызваленні палітзняволеных і прыцягненні рэжыму Лукашэнкі да адказнасці.
Асобную ўвагу Святлана Ціханоўская прысвяціла праблеме палітзняволеных. Яна распавяла пра апошнія прысуды і затрыманні, а таксама пра ўтрыманне нашых герояў без сувязі са знешнім светам. Спікер Сейма ўзяў пад патранаж аднаго з беларускіх палітзняволеных – і заклікаў зрабіць тое ж самае іншых парламентарыяў.