Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў – пра прызначэнне даты «завочнага суда» па абвінавачваннях Андрэя Стрыжака:
«Прадстаўнікі рэжыму заявілі пра тое, што Андрэя Стрыжака, Ярослава Ліхачэўскага, Аляксея Кузьмянкова, Аляксандра Лапко, Аляксея Лявончыка, Аляксандру Жук і Аляксандра Падгорнага, якія маюць дачыненне да дзейнасці фондаў салідарнасці, пачнуць судзіць 18 красавіка ў Гомельскім абласным судзе. Тое, што рэжым судзіць тых, хто працягвае актыўную дзейнасць за межамі Беларусі – ужо не здзіўляе. Як не здзівіць і тое, калі ўсіх прызнаюць вінаватымі ў абсалютна надуманых абвінавачваннях.
Аднак тыя артыкулы, па якіх збіраюцца судзіць Андрэя і астатніх, а таксама іх колькасць, скажа нам многае пра сам рэжым: 18 артыкулаў у абвінавачванні – гэта, бадай, рэкорд. Рэжым як агню баіцца салідарнасці і самаарганізацыі беларусаў. Пасля ўсіх выхадак заганнай сістэмы, якую язык не паварочваецца назваць праваахоўнай, мы ўсе паказалі, як мы ўмеем супраціўляцца самавольству і падтрымліваць тых, хто трапіў пад махавік рэпрэсіяў. Салідарнасць, уменне спачуваць, заступацца за несправядліва асуджаных, дапамагаць ім у складаных сітуацыях – вось ад чаго проста карэжыць рэжым Лукашэнкі.
Я ўпэўнены, што чарговы несправядлівы і незаконны прысуд не зменіць жадання Андрэя і ягоных паплечнікаў працягваць дапамагаць палітычным зняволеным. У нашых жа сілах – падтрымаць Андрэя, ягоную каманду і астатнія фонды, каб яны і далей маглі дапамагаць палітычным зняволеным. Працуем далей!»