Святлана Ціханоўская адрэагавала на навіну аб ліквідацыі рэлігійных арганізацый у Беларусі:
«З пачатку года рэжым патрабуе перарэгістраваць кожнае рэлігійнае аб’яднанне ў Беларусі. На днях я даведалася, што цяпер ён сістэматычна адмаўляе ў прызнанні неправаслаўным канфесіям, якія выступалі супраць гвалту і беззаконня падчас 2020 года. Гэта прыводзіць да іх закрыцця або поўнага падпарадкавання дзяржаве. Дзе ж канстытуцыйнае права на свабоду вызнання рэлігійных перакананняў?
Насамрэч, у гэтым няма нічога новага. Дыктатура вядомая нецярплівасцю да ўсялякага інакамыслення. У мінулым годзе каталіцкаму святару Генрыху Акалатовічу вынеслі прысуд у 11 гадоў за «дзяржаўную здраду». У кастрычніку 2022 года рэжым адабраў Чырвоны касцёл у вернікаў, прыкрываючыся неабходнасцю рамонту. У тым жа годзе ўведзена крымінальная адказнасць за арганізацыю і ўдзел у незарэгістраваных рэлігійных арганізацыях. Рэжым разумее: у вачах вернікаў Бог заўсёды вышэйшы за ўладу. І Лукашэнку гэта не даспадобы.
Але гэта не перашкаджае людзям верыць і адрозніваць дабро ад зла. Нават калі ў Беларусі застанецца адна царква, якая прыпадабняе прэзідэнта да Бога, беларусы не прымуць гэтага. Яны будуць вучыць дзяцей маралі дома, самастойна чытаць ім кнігі і распавядаць, што трэба любіць бліжняга, паважаць праўду і не баяцца змагацца за справядлівасць. Вера жыве не ў сценах касцёлаў ці цэркваў, а ў сэрцах людзей. І гэтую веру немагчыма знішчыць сілай».