• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Рэзалюцыя да 39-годдзя катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі

    27 красавіка, 2025

    26 красавіка споўніцца 39 гадоў з моманту самай маштабнай тэхнагеннай катастрофы XX стагоддзя — аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Гэтая трагедыя прайшла чорнай хваляй па Украіне, Літве, Польшчы і шмат якіх еўрапейскіх краінах. Беларусь стала краінай з найбольш забруджанай тэрыторыяй (23%) і, як вынік, з найцяжэйшымі наступствамі. Для нашай краіны Чарнобыль — гэта не проста тэхнагенная аварыя, але нацыянальны боль: забруджаная зямля, атручаныя вада і паветра, страчанае здароўе, хворыя дзеці — усё гэта стала часткай беларускай рэальнасці. Гэтая катастрофа застанецца з намі на сотні тысяч гадоў — пакуль не распадуцца ўсе таксічныя радыенукліды.

    У гэты жалобны і цяжкі дзень беларусы і беларускі па ўсім свеце праводзяць мітынгі-шэсці пад назвай «Чарнобыльскі шлях», каб ушанаваць памяць аб ахвярах гэтай катастрофы. Гэтую акцыю шмат гадоў запар праводзілі ў Менску прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, нягледзячы на перашкоды з боку таталітарнага рэжыму.

    Таталітарны СССР спрыяў таму, што чарнобыльская катастрофа стала магчымай. Дыктатура Лукашэнкі працягвае рабіць так, каб павялічыць наступствы Чарнобыля, а менавіта:

    – замоўчвае факты і памяншае рызыкі;

    – уводзіць у гаспадарчы абарот забруджаныя землі;

    – пакідае пацярпелых і хворых без сацыяльных ільготаў;

    – рэпрэсуе навукоўцаў, актывістаў і арганізацыі, якія даносяць праўду пра Чарнобыль; шмат якія з экаабаронцаў прайшлі праз турмы або працягваюць там знаходзіцца;

    – прасоўвае небяспечныя расейскія ядзерныя тэхналогіі ў Беларусь і пад бок сваім суседзям: ядзерную зброю і астравецкую АЭС, якая будавалася са шматлікімі адступленнямі ад еўрапейскіх стандартаў бяспекі і парушэннямі заканадаўства, непразрыста і недэмакратычна;

    – вядзе гаворку пра другую АЭС, у той час калі першая палову тэрміну прастойвае, а яе энергія не патрэбная энергасістэме.

    Ядзерныя катастрофы адбываюцца не толькі ва аўтарытарных краінах, ад іх не застрахаваныя і дэмакратыі. Мы ведаем гэта на прыкладзе Фукусімы. Больш за тое, дэмакратычныя краіны таксама могуць дэманстраваць тэндэнцыі да аўтарытарызму — і такія прыклады мы назіралі на працягу апошняга дзесяцігоддзя.

    Дэмакратычныя краіны з АЭС могуць зрабіцца аб’ектамі ядзернага тэрору і ваеннага захопу, як мы бачылі гэта на прыкладзе расейскай агрэсіі супраць Украіны і атак на той жа Чарнобыль і Запарожскую АЭС у 2022 і 2025 гадах.

    У той самы час міжнародная дэмакратычная супольнасць і МАГАТЭ паказалі сваю неэфектыўнасць у вырашэнні праблем ядзернага шантажу ды ваенных атак на АЭС, а таксама ліквідацыі наступстваў атамных катастрофаў.

    На вялікі жаль, урокі Чарнобыля не пачутыя да сёння і краіны не толькі не адмаўляюцца ад атамнай энергетыкі, але прадстаўляюць яе спрыяльнай для клімату і ўмоўна зялёнай, абгрунтоўваючы гэта разлікамі, дзе не ўлічаныя тэхналагічныя рэаліі ды звязаныя з імі рызыкі і поўны атамны паліўны цыкл. Праблема адпрацаванага ядзернага паліва, якое, паводле інфармацыі МАГАТЭ, таксічнае на працягу мільёна гадоў, застаецца нявырашанай. 

    Парк АЭС, што знаходзяцца ў працы, старэе, але пры наяўнасці таннейшых даступных тэхналогій электрагенерацыі, сярод якіх аднаўляльныя, шэраг краін падаўжае тэрміны эксплуатацыі станцый і спрабуе перазапусціць ужо спыненыя, што стварае высокія рызыкі бяспецы.

    Ядзерныя матэрыялы распаўсюджваюцца ў свеце, а пагроза ядзернага канфлікту ўзрастае.

    У гэты дзень мы звяртаемся да ўладаў Беларусі з наступнымі патрабаваннямі:

    • спыніць і вывесці з эксплуатацыі астравецкую АЭС як небяспечную і непатрэбную;
    • вярнуць Беларусь да бяз’ядзернага, нейтральнага статусу;
    • вывесці з гаспадарчага абароту тэрыторыі, забруджаныя ў выніку чарнобыльскай радыяцыйнай катастрофы;
    • аднавіць сацыяльную падтрымку людзей, пацярпелых ад наступстваў чарнобыльскай радыяцыйнай катастрофы;
    • аднавіць падтрымку навуковых даследаванняў наступстваў чарнобыльскай катастрофы, а таксама супрацоўніцтва з сусветнай навуковай супольнасцю з гэтай мэтай;
    • вызваліць экалагічных актывістаў і іншых палітычных зняволеных, у тым ліку ўдзельнікаў антыядзернага руху;
    • падтрымаць пераход Беларусі да ўстойлівай энергетыкі (у першую чаргу аднаўляльных, дэцэнтралізаваных крыніц).

    Мы заклікаем міжнародную супольнасць:

    • кваліфікаваць размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі як парушэнне прынцыпаў калектыўнай бяспекі;
    • адмовіцца ад уключэння ядзернай энергетыкі ў зялёны парадак дня (у ESG і механізмах кліматычнага фінансавання);
    • аддаваць перавагу сродкам і стратэгіям канвенцыйнага стрымлівання перад ядзернай зброяй;
    • забараніць гандаль уранам і атамнымі тэхналогіямі з краінамі-агрэсарамі (Расейскай Федэрацыяй);
    • садзейнічаць недапушчэнню мілітарызацыі атамных аб’ектаў праз развіццё міжнародных прававых механізмаў і кансалідаваныя практычныя дзеянні міжнароднай супольнасці;
    • ушанаваць памяць ахвяр аварыі на ЧАЭС і працягнуць падтрымку ліквідатараў і пацярпелых;
    • праявіць салідарнасць з украінскім народам, які зазнаў ядзерную пагрозу падчас ваеннай агрэсіі.

    Мы звяртаемся і да краін-удзельніц МАГАТЭ з прапановай перагледзець асноўныя прыярытэты дзейнасці арганізацыі і паставіць на першае месца бяспеку людзей, а не камерцыйныя інтарэсы ўласнікаў ці інтарэсы асобных дзяржаў. Мы заклікаем таксама сур’ёзна паставіцца да рызыкаў, якія нясе выкарыстанне і распаўсюд ядзерных тэхналогій. З гэтай мэтай мы заклікаем МАГАТЭ перагледзець асноўныя механізмы і пратаколы гарантый такім чынам, каб арганізацыя, якая прасоўвае атамны рэнесанс, узяла на сябе юрыдычную і фінансавую адказнасць за магчымыя наступствы ядзерных аварый і актаў ядзернага тэрору.

    Рэзалюцыю прынялі: Экадом, Зялёная сетка, Беларуская нацыянальная платформа Форуму грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства, «Дапамога», Рух Салідарнасці «Разам», Беларуская Асацыяцыя Палітвязьняў «ДА ВОЛІ», «Народная Грамада», Аб’яднаная грамадзянская партыя, «Наш Дом», Аб’яднанне беларускіх палітвязняў «RE:Belarus» пры падтрымцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі, Офіса Святланы Ціханоўскай.

    26 красавіка 2025 года

    Апошнія навіны