Беларуская лідарка знаходзіцца ў швейцарскім Давосе, дзе прымае ўдзел у Сусветным эканамічным форуме. Падчас форума Ціханоўская праводзіць сустрэчы на высокім узроўні: з прэзідэнтамі, міністрамі, кіраўнікамі вядучых карпарацыяў і кампаніяў, дзе падымае тэму Беларусі.
🇭🇺 У дыялогу з прэзідэнткай Венгрыі Каталін Новак лідарка акцэнтавала ўвагу на міжнароднай падтрымцы Беларусі. Напрыклад, на больш актыўным ўдзеле ў дапамозе грамадзянскай супольнасці, рэагаванні на парушэнні правоў чалавека ў нашай краіне і прыцягненні да міжнароднай адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі. Таксама яна папрасіла Венгрыю прытрымлівацца супольнай палітыкі Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі.
🇺🇦 Пасля ўдзелу ў дыскусіі асноўнай праграмы Сусветнага эканамічнага форуму беларуская лідарка мела размову з міністрам замежных справаў Украіны Дзмітрыем Кулебам. Святлана Ціханоўская выказала словы падтрымкі ўкраінскаму народу. Бакі абмяняліся думкамі пра ўзаемадзеянне і магчымае супрацоўніцтва.
🇪🇨 Акрамя таго, лідарка сустрэлася з міністаркай замежных справаў Эквадора Габрыелай Сомерфэлд. Святлана Ціханоўская выказала пажаданне больш актыўнага супрацоўніцтва паміж дэмакратычнай Беларуссю і краінамі Лацінскай Амерыкі – і папрасіла Эквадор гэтаму спрыяць.