Дарадца Святланы Ціханоўскай па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі наведаў Злучаныя Штаты Амерыкі, дзе правёў перамовы ў Белым Доме, Дзяржаўным дэпартаменце, Кангрэсе ЗША і ўзяў удзел у Форуме па бяспецы ў Аспене. На парадку дня — вызваленне палітвязняў, беларуска-амерыканскае супрацоўніцтва, рэгіянальная бяспека.
У Белым Доме Кучынскага прыняў Эндзі Бэйкер — намеснік дарадцы па нацыянальнай бяспецы прэзідэнта Дональда Трампа і дарадца па нацыянальнай бяспецы віцэ-прэзідэнта Джэй Дзі Вэнса. А ў Дзярждэпартаменце — Крыстафер Рэнда, спецыяльны дарадца па Еўропе намесніка Дзяржсакратара Ландаў, а таксама Крыстафер Сміт, намеснік памочніка дзяржсакратара, які адказвае за Беларусь.
Абмеркавалі крокі дзеля вызвалення палітвязняў, падтрымку грамадзянскай супольнасці і медыя, працяг стратэгічнага дыялогу паміж ЗША і дэмакратычнымі сіламі, важнасць працы падраздзялення па справах Беларусі ў Вільні, і магчымасць прызначэння спецпасланніка па Беларусі.
У Кангрэсе ЗША Кучынскі разам з кіраўніком аналітычнага цэнтра iSANS Уладзімірам Кобецам правёў кансультацыі з дарадцамі кангрэсменаў і сенатараў Рэспубліканскай партыі, у тым ліку Сарай Салас — дарадцай па замежнай палітыцы кангрэсвумен Эліз Сцефанік, Полам Бонічэллі — дарадцам па нацыянальнай бяспецы сенатара Рыка Скота, Омарам Хасіна — дарадцам па нацыянальнай бяспецы старшыні Палітычнага камітэта Рэспубліканскай партыі, кангрэсмена Кевіна Херна, Джорын Лінцэніч — дарадцам па нацыянальнай бяспецы сенатара Тыліса. Абмяркоўвалі правядзенне слуханняў у Кангрэсе з удзелам Святланы і Сяргея Ціханоўскіх у гэтым годзе.
З прадстаўнікамі Камітэта Сената ЗША ў міжнародных справах абмяркоўваліся пытанні палітыкі ў дачыненні да Беларусі, а таксама магчымасці падтрымкі ініцыятываў у галіне дэмакратыі і правоў чалавека.
На Форуме па бяспецы ў Аспене, Дзяніс Кучынскі разам з кіраўніком аналітычнага цэнтра iSANS Уладзімірам Кобецам прадставілі аналітычныя даследаванні па сітуацыі ў Беларусі, а таксама стратэгічныя паперы, сустрэліся з палітыкамі, дыпламатамі і аналітычнай супольнасцю, у тым ліку са Сцівенам Біганам, былым Намеснікам дзяржсакратара ЗША падчас першага тэрміну прэзідэнта Трампа.
Дзяніс Кучынскі: «Самае важнае, што падтрымка Беларусі з боку Злучаных Штатаў застаецца моцнай і двухпартыйнай. Мы зрабілі фокус на дыялогу з прадстаўнікамі Рэспубліканскай партыі і новай адміністрацыі. Мы працуем з рознымі крыламі партыі, у тым ліку з прадстаўнікамі больш кансерватыўнай часткі партыі, бо менавіта кангрэсмены і сенатары з гэтага крыла найбольш блізкія да прэзідэнта Трампа. Асноўная мэта — данесці пазіцыю беларускага народа і падкрэсліць, што падтрымка дэмакратычнай Беларусі адпавядае доўгатэрміновым нацыянальным інтарэсам ЗША і рэгіянальнай бяспецы. Асноўныя тэмы — вызваленне палітвязняў, падтрымка грамадзянскай супольнасці, а таксама паглыбленне каардынацыі паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і ключавымі амерыканскімі інстытутамі».