Дарадца Святланы Ціханоўскай па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі знаходзіцца з працоўным візітам у Вашынгтоне. У Белым Доме яго прыняў Эндзі Бэйкер — намеснік дарадцы па нацыянальнай бяспецы прэзідэнта Дональда Трампа і дарадца па нацыянальнай бяспецы віцэ-прэзідэнта Джэй Дзі Вэнса.
Дзяніс Кучынскі перадаў праз дарадцу пісьмо Прэзідэнту ЗША ад Святланы і Сяргея Ціханоўскіх, а таксама падзякаваў амерыканскаму ўраду за паспяховае вызваленне беларускіх палітвязняў, у тым ліку — Сяргея Ціханоўскага.
Што абмеркавалі?
➖Далейшыя крокі ў развіцці адносін паміж амерыканскім урадам і дэмакратычнымі сіламі Беларусі;
➖Шляхі вызвалення палітвязняў;
➖Комплексны падыход у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, у тым ліку — падтрымку грамадзянскай супольнасці і міжнародны ціск;
➖Ультыматум Трампа, магчымае перамір’е і ціск адміністрацыі прэзідэнта ЗША на Расею;
➖Пытанні рэгіянальнай бяспекі і месца Беларусі ў перамовах паміж Украінай і Расіяй.
Дзяніс Кучынскі:
«У Белым доме прайшлі цёплыя і плённыя кансультацыі. Эндзі Бэйкер мае вялікі ўплыў і грае важную ролю ў адміністрацыі прэзідэнта Дональда Трампа. Гэтая сустрэча — важны крок наперад у нашым дыялогу са Злучанымі Штатамі. Мы працягнем гэтую супрацу, дзеля вызвалення беларускіх палітвязняў і пазітыўных зменаў у нашай краіне».