Фонд «Краіна для Жыцця» паведаміў пра новыя выпадкі прыніжальных асабістых даглядаў на беларускай мяжы ў дачыненні да людзей, якія раней праходзілі па «пратэсных справах». Гаворка ідзе пра прымусовае распрананне, псіхалагічны ціск і дэманстратыўнае прыніжэнне людзей пры ўездзе ў Беларусь.
Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў пракаментаваў тое, што адбываецца:
«Беларускі рэжым зноў паказвае сваё сапраўднае аблічча. Пакуль прапаганда распавядае пра “дыялог” і “прымірэнне”, на мяжы людзей фактычна спрабуюць зламаць праз прыніжэнне, страх і дэманстрацыю поўнай беспакаранасці.
Гэта не меры бяспекі. Гэта палітычна матываваны ціск на грамадзянаў, якіх улада лічыць нелаяльнымі. Прымусовыя прыніжальныя дагляды і выкарыстанне страху як інструмента кантролю — прыкметы рэпрэсіўнай сістэмы, а не прававой дзяржавы.
На гэтым фоне заявы рэжыму пра «вяртанне беларусаў дадому», працу «камісіяў па вяртанні» і «гарантыі бяспекі» выглядаюць адкрыта цынічна. Немагчыма патрабаваць ад беларусаў вяртацца дадому, пакуль на мяжы іх сустракаюць беззаконне і адсутнасць павагі да чалавечай годнасці.
Мы ў чарговы раз нагадваем: калі існуе рызыка палітычна матываванага пераследу, ціску або затрымання — не ездзіце ў Беларусь. Не варта верыць прапагандзе, якая спрабуе стварыць ілюзію “нармалізацыі”, бяспекі і стабільнасці. Пры цяперашнім рэжыме не існуе ні сапраўднай бяспекі, ні прававых гарантыяў для людзей з грамадзянскай пазіцыяй.
Мы заклікаем міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, структуры ЕС і дэмакратычных партнёраў Беларусі звярнуць увагу на гэтыя паведамленні, дамагацца незалежнай фіксацыі падобных практык і ўзмацняць ціск на рэжым за сістэматычныя парушэнні фундаментальных правоў чалавека. Кожны такі выпадак павінен быць задакументаваны. Ні адно прыніжэнне чалавека не павінна станавіцца “новай нормай”».
