Святлана Ціханоўская звярнулася да ўкраінцаў з нагоды дня Незалежнасці Украіны:
«Шаноўны прэзідэнт Зяленскі! Шаноўныя ўкраінцы!
Кожны дзень, ужо больш за два з паловай гады, свет становіцца сведкам вашай непахіснасці, сілы духу і адданасці барацьбе за свабоду і незалежнасць.
Бясстрашна баронячы сваю краіну ад агрэсара, вы натхняеце на барацьбу многія народы, у тым ліку і беларусаў. А вашыя поспехі на полі бою і ў дыпламатыі, вашае адзінства, самаарганізацыя – ужо ўвайшлі ў падручнікі гісторыі.
Цягам апошніх тыдняў вам удалося выціснуць акупанта на яго тэрыторыю. Падзеі ў Курскай вобласці ўразілі нават самых вялікіх скептыкаў. Таксама Вам удалося ратыфікаваць Рымскі статут – вялікі крок да аднаўлення справядлівасці, які дазволіць прыцягнуць да адказнасці вінаватых у злачынствах.
Нават у самых цяжкіх умовах вайны, вы дзейнічаеце згодна з правам і міжнароднымі абавязацельствамі. І самае важнае – вы не губляеце чалавечнасці. Нават калі Расія скідвае бомбы на дзіцячыя шпіталі. Нават калі намагаецца пакінуць украінскія гарады без святла і цяпла, а праз прапаганду – пазбавіць веры і надзеі. Нават у гэтых умовах вы праяўляеце салідарнасць, узаемавыручку, захоўваеце аптымізм. Вашая барацьба – гэта барацьба за права быць самімі сабой, за права жыць у міры на сваёй зямлі. Жыць вольна.
І ніякія захопніцкія памкненні Расіі не змогуць перамагчы ўкраінскі народ. Вашая адвага натхняе ўсіх нас. І я ганаруся тым, што беларускія добраахвотнікі змагаюцца поплеч з украінцамі, за нашу і вашу свабоду. Бо лёсы нашых краін узаемазвязаныя. Не будзе свабоднай Беларусі без свабоднай Украіны, а без свабоднай Беларусі не будзе бяспечнай Еўропы.
Мы маем не толькі агульныя старонкі ў гісторыі, але і агульныя каштоўнасці. Нават такія важныя словы ў нашых родных мовах – каханне, бацькаўшчына, змаганне, годнасць, незалежнасць – гучаць падобна.
Як паказвае гісторыя, незалежнасць ніколі не даецца лёгка. Яе трэба адстойваць, і вы робіце гэта з вялікай годнасцю. Вашая перамога стане перамогай над цемрай і страхам. І галоўнае – над тымі, хто спрабуе скрасці вашую незалежнасць.
З Днём Незалежнасці і Слава Україні!»