Сёння ў літоўскім Сейме распачалася двухдзённая Канферэнцыя Каліноўскага. Беларуская лідарка выступіла на адкрыцці з прамовай, падчас якой заклікала захоўваць пытанне Беларусі на парадку дня. Таксама Ціханоўская падкрэсліла важнасць дапамогі Украіне і адзначыла: Беларусь – самае слабое звяно пуцінскай вайсковай машыны.
Прыводзім самыя яркія цытаты з выступу:
📌 «Сёння ў нашым рэгіёне зноў вырашаецца лёс свабоды, дэмакратыі і права народаў на самавызначэнне. Ён вырашаецца на франтах Украіны. Ён таксама вырашаецца ў Беларусі, у Малдове. І зноў мы супрацьстаім той жа самай імперыі».
📌 «Імперыя спрабуе знішчыць не толькі права нашага народа на незалежнае жыццё, але і саму яго ідэнтычнасць – мову, культуру, гістарычную памяць, еўрапейскія каштоўнасці. Расіяне робяць гэта для таго, каб аблегчыць і апраўдаць далейшую агрэсію».
📌 «Тыраны могуць знішчаць гарады снарадамі, катаваць людзей у турмах да смерці і перапісваць падручнікі, але ў іх ніколі не атрымаецца знішчыць гераічны дух нашых народаў».
Пасля выступу Ціханоўская дала слова байцам палка Каліноўскага, якія адзначылі:
«Сёння беларусы праліваюць кроў за Украіну, бо толькі перамога Украіны дасць шанец на вызваленне Беларусі і засцеражэ краіны Еўропы ад расійскай агрэсіі ў найбліжэйшай будучыні».
Анлайн-трансляцыя Канферэнцыі з перакладам дасяжная па спасылцы.