«Як вы ведаеце, мы знаходзімся на сувязі з Міністэрствамі замежных справаў Літвы, Польшчы, Латвіі і Эстоніі наконт абмежаванняў, пад якія трапілі беларускія аўтамабілі. Абмежаванні, уведзеныя ў сувязі з санкцыямі, меліся закрануць рэжым, але таксама ўскосна закранулі і беларусаў. Мы будзем дабівацца, каб былі прынятыя выключэнні для беларусаў.
Польшча прыняла досыць ліберальны падыход: яна дазваляе ўезд на аўтамабілях не для продажу, калі ў салоне знаходзіцца ўласнік аўто. Таксама Літва адтэрмінавала выкананне рашэння – да сярэдзіны жніўня дазваляе праезд аўтамабілям, калі ўласнік у салоне. Што да Латвіі і Эстоніі, то яны пагадзіліся ўвесці гуманітарныя выключэнні.
Як гэтыя меры будуць выглядаць на практыцы, пакуль што сказаць складана. Але будзем рабіць усё магчымае. Тым беларусам, што ўжо знаходзяцца на тэрыторыі Еўрапейскага Саюза мы рэкамендуем перарэгістраваць аўто на еўрапейскія нумары.
У Літве гэта досыць хутка і нядорага, у Польшчы трошкі больш складана – працуем над тым, каб працэдуру спрасціць. Але калі вы гэтага не зробіце, праз некаторы час могуць паўстаць праблемы – у тым ліку можа быць накладзены штраф. Каб гэтага пазбегнуць, лепш паклапаціцца загадзя.
Мы бачым, што рэжым выкарыстоўвае тэму абмежаванняў вельмі актыўна: закідвае фэйкі, дэзынфармацыю. Але ўведзеныя абмежаванні б’юць па рэжыму ў першую чаргу: яны закрываюць вялікую колькасць шчылінаў, якія выкарыстоўваў рэжым.
Мы будзем адстойваць інтарэсы беларусаў, змагацца за вас. Заўтра я еду ў Талін і буду размаўляць з прадстаўнікамі ўраду, каб дамагчыся пэўных палёгак для беларусаў».
Цалкам відэа можна паглядзець тут.