Падчас Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы беларуская лідарка прыняла ўдзел у панэльнай дыскусіі «Ніколі не марнуйце крызіс чвэрці жыцця: новыя рашэнні ў палярызаваным свеце». Галоўная тэма – як крызіс можа стаць магчымасцю для пераасэнсавання і абароны фундаментальных каштоўнасцяў.
У прамове Ціханоўская падкрэсліла: Беларусь – гэта неад’емная частка Еўропы, і таму неабходна падтрымліваць яе імкненне да дэмакратыі і свабоды. Яна акцэнтавала ўвагу на каштоўнасцях, якія аб’ядноўваюць еўрапейскія народы, і асабліва адзначыла: не трэба пераасэнсоўваць гэтыя каштоўнасці, а трэба іх абараняць, бо дэмакратыя – гэта аснова мірнага жыцця.
«Я, як прадстаўніца беларускага народа, які змагаецца за дэмакратыю, заклікаю вас да падтрымкі. Дапамажыце беларусам стаць грамадзянамі вольнай, дэмакратычнай, еўрапейскай Беларусі.
Я хачу жыць у моцнай і рашучай Еўропе, якая не ідзе на кампрамісы з дыктатарамі. У Еўропе, што абапіраецца на каштоўнасці, а не на інтарэсы. У аб’яднанай, а не падзеленай Еўропе.
Менавіта такой я бачу сваю Беларусь – еўрапейскай краінай без палітвязняў і тыраніі, дзе людзі могуць свабодна жыць і ўмацоўваць дэмакратыю.
Як сказаў учора прэзідэнт Зяленскі, межы Еўропы павінны быць на ўсходніх межах Беларусі. Таму не выключайце Беларусь! Не стварайце новай жалезнай заслоны паміж Еўропай і нашай краінай. Дапамажыце вярнуць Беларусь у сапраўдную еўрапейскую сям’ю. Тады і я, і беларускі народ будуць шчаслівымі».