Кіраўнік Аддзела знешніх сувязяў Данііл Гаркавы вырашыў завяршыць працу ў Офісе. Аддзел працягне дзейнасць па ключавых напрамках, сярод якіх – кантакты з арганізацыямі грамадзянскай супольнасці і дыяспары, арганізацыя і аналіз зваротнай сувязі, а таксама валанцёрская праграма.
Мы дзякуем Даніілу Гаркаваму за ягоны прафесіяналізм, адданасць і ўнёсак у агульную справу!
Святлана Ціханоўская:
«Данііл далучыўся да нас яшчэ ў лістападзе 2020 года і ўсе гэтыя гады мы былі побач у Літве. Я ўдзячная яму за спакой, высокую эфектыўнасць у распрацоўцы і рэалізацыі праектаў, і, канешне, за веру ў Беларусь. Ведаю, што рашэнне пакінуць Офіс было няпростым. Я яго паважаю, прымаю і падтрымліваю. І веру, што прыйдзе дзень – і мы зноў будзем працаваць разам, ужо ў вольнай Беларусі.
Для мяне гэта таксама напамін, што Офіс як структура павінен быць гатовы да зменаў, у тым ліку кадравых. Нашая задача – будаваць устойлівыя сістэмы, якія будуць функцыянаваць у любых умовах і служыць людзям».
Данііл Гаркавы:
«Гады ў Офісе – самы плённы час за маё жыццё, але ведаю, што гэта далёка не апошнія мае высілкі на карысць Беларусі. Я ўдзячны за давер, за людзей, з якімі меў гонар працаваць, і за магчымасць быць часткай важнага. Сыход – гэта не развітанне. Працягваю верыць у нашую агульную справу і ведаю, што мы яшчэ сустрэнемся і будзем працаваць разам як са Святланай, так і з іншымі калегамі і каляжанкамі, многіх з якіх, на вялікі жаль, не маю права называць публічна».
📲 Карыстаючыся выпадкам, нагадваем: калі вы прадстаўляеце арганізацыі грамадзянскай супольнасці, дыяспару або актыў і хочаце быць з намі на сувязі – правераныя кантакты для звароту даступныя на нашым сайце.