Сёння Вялікабрытанія, Канада і ЗША абвясцілі пра ўвядзенне новых санкцый супраць рэжыму. Яны закранаюць фінансавую і нафтахімічную галіны, уключаючы калійныя ўгнаенні, а таксама кампаніі і бізнесменаў, якія падтрымліваюць рэжым.
Тыдзень таму завяршыліся працоўныя візіты Святланы Ціханоўскай у ЗША і Вялікабрытанію. На перамовах у Лондане і Вашынгтоне Ціханоўская падымала пытанне ўвядзення новых скаардынаваных санкцый і ліквідацыі шчылін для абыходу абмежаванняў. І сённяшнія заявы – гэта хуткая рэакцыя гэтых краін на дзеянні рэжыму.
Ціханоўская: «Я радая, што зараз нашыя міжнародныя партнёры аб'ядналі намаганні, як беларусы аб'ядналіся год таму – дзеля агульнай мэты. Такія навіны, асабліва ў гэтую дату, – паказчык прынцыповай і скаардынаванай пазіцыі дэмакратычнага свету ў адносінах да крызісу ў Беларусі. І галоўная ўмова адмены санкцый – гэта вызваленне ўсіх зняволеных па палітычных матывах, і новыя свабодныя выбары ў Беларусі».
Санкцыі ЗША, Канады і Вялікабрытаніі – гэта інструмент знешняга ціску. Кожнаму беларусу даступныя рычагі ўнутранага ціску:
– Далучыцца да «Рабочага руху».
– Далучыцца да плана «Перамога».
– Спампаваць і распаўсюдзіць сумленныя пратаколы з выбараў 9 жніўня 2020-га.