Святлана Ціханоўская сустрэлася з 66-й дзяржсакратаркай ЗША Кандалізай Райс. Сустрэча доўжылася 45 хвілін. Яны абмеркавалі, як можна ўзмацніць ціск на рэжым і пры гэтым падтрымліваць беларусаў унутры краіны. Таксама абмяркоўвалі, як выбудоўваць адносіны з новымі партнёрамі, уключаючы Аўстралію, Японію і Індыю.
Святлана Ціханоўская: «Гэта была вельмі цёплая і карысная сустрэча. Я ўдзячная Кандалізе Райс за ўсе яе парады. Яна выдатна ведае сітуацыю ў Беларусі і шчодра дзеліцца сваім вопытам».
Кандаліза Райс – былая дзяржсакратарка, другая жанчына ў гісторыі на гэтай пасадзе (пасля Мадлен Олбрайт, з якой ужо сустракалася Святлана Ціханоўская). Яна таксама працавала дарадцам прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы ва ўрадзе Джорджа Буша-малодшага. У камандзе Джорджа Буша-старэйшага Кандаліза Райс займала пасаду старэйшай дырэктаркі аддзела па справах СССР і Усходняй Еўропы Рады нацыянальнай бяспекі ЗША і асаблівай памочніцы прэзідэнта па справах нацыянальнай бяспекі.