Сёння, 9 лістапада, пачаўся працоўны візіт Святланы Ціханоўскай у Германію. У першы дзень візіту яна сустрэлася з беларускай дыяспарай у Берліне. Пасля выступу Святланы Ціханоўскай «Вольны хор» праспяваў «Разбуры турмы муры» – і гэта вельмі сімвалічна, бо менавіта 9 лістапада 1989 года разбурылі Берлінскі мур, які падзяляў сталіцу Германіі на дзве часткі.
Уступнае слова Святланы Ціханоўскай:
«Беларусы Германіі, дзякуй вам за сустрэчу!
Сёння, 9 лістапада, пачаўся мой працоўны візіт у Германію. І я вельмі радая, што ў гэты дзень мы сустрэліся з беларусамі Берліна. 9 лістапада – важны дзень для Германіі, бо ў гэты дзень 32 гады таму быў разбураны Берлінскі мур. Гэта быў дзень, калі разбурыліся муры дыктатуры, спецслужбаў і дзяржаўнага тэрору.
І я ведаю, што прыйдзе той дзень, калі мы таксама разбурым турмы муры. Гэта не будзе лёгка, для гэтага трэба працаваць, але гэты дзень абавязкова прыйдзе.
Дзякуй за сустрэчу, шаноўныя. Жыве Беларусь!»