На перамовах таксама прысутнічалі кіраўнік дэпартамента Усходняй Еўропы Нацыянальнай рады бяспекі ЗША Крыс Сміт, кіраўніца Рады па гендарнай палітыцы Белага дома Джэніфер Кляйн і амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішар. Ціханоўская распавяла пра масавыя рэпрэсіі ў дачыненні да журналістаў і актывістаў, пра жудасныя ўмовы ўтрымання ў турмах.
Ціханоўская заклікала ЗША:
– узмацніць падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці – праваабаронцаў, рэгіянальных ініцыятываў, студэнцтва, сем'яў палітвязняў, медыя;
– узмацніць ціск на рэжым, у тым ліку – праз скаардынаваныя з ЕС санкцыі ў дачыненні да канкрэтных «кашалькоў» рэжыму і закрыццё шчылін для іх абыходу;
– тых, хто адказны за рэпрэсіі супраць беларусаў, – прыцягнуць да адказнасці. І даслаць у Крэмль сігнал з заклікам спыніць падтрымку нелегітымнага рэжыму;
– не весці ніякага супрацоўніцтва з рэжымам, у тым ліку праграмы Сусветнага банка, МВФ – у адпаведнасці з палітыкай Акту аб дэмакратыі ў Беларусі, які быў прыняты ў снежні 2020-га;
– падымаць пытанне Беларусі падчас міжнародных мерапрыемстваў высокага ўзроўня і запрашаць да ўдзелу ў іх беларускія дэмакратычныя сілы.
Ціханоўская падкрэсліла: «Толькі вызваленне ўсіх зняволеных па палітычных матывах, і новыя выбары ў бліжэйшы час дапамогуць Беларусі выйсці з крызісу. І я заклікаю ЗША ў сваіх дзеяннях прытрымлівацца гэтай стратэгіі беларусаў».