Інтэрпол пазіцыянуе сябе як непалітычная структура. 11 кастрычніка 2021 года ByPol апублікаваў аналіз тэлефонных размоваў чыноўнікаў, з якіх вынікала, што беларускія сілавікі спрабавалі ўнесці Святлану Ціханоўскую і іншых лідараў дэмсілаў у вышуковыя спісы Інтэрпола. Але просьба была адхіленая, і Інтэрпол нават вынес рэжыму папярэджанне за палітычны пераслед апанентаў.
Аднак рэжым усё яшчэ спрабуе звяртацца ў Інтэрпол для атрымання інфармацыі пра беларусаў і іх выдачы з тэрыторыі іншых краінаў. Так у спісы Інтэрпола траплялі актывіст Макар Малахоўскі, дырэктарка гродзенскага хоспіса Вольга Вялічка ды іншыя беларусы. Гэтыя людзі апынуліся ў спісах толькі з-за пераследу па палітычных матывах.
Таму Офіс Ціханоўскай і ByPol адправілі афіцыйны ліст у Інтэрпол. У лісце ByPol і кіберпартызаны прыводзяць доказы таго, як рэжым запытвае інфармацыю пра беларусаў у іншых краінах, у тым ліку нумары іх тэлефонаў, месцы жыхарства, маёмасць і г.д. Таму дэмсілы Беларусі настойваюць на неабходнасці спыніць супрацоўніцтва Інтэрпола з рэжымам.
У лісце таксама прапануецца арганізаваць сустрэчу прадстаўнікоў Інтэрпола са Святланай Ціханоўскай і прадстаўнікамі ByPol. У далейшых планах – камунікацыя з Цэнтральнымі нацыянальнымі бюро Інтэрпола ў іншых краінах для абмежаванняў супрацоўніцтва з рэжымам у межах Інтэрпола.
Поўны тэкст ліста – на сайце Святланы Ціханоўскай.