Офіс Святланы Ціханоўскай запрашае ўзяць удзел у Форуме Каліноўскага, які распачынаецца ў нядзелю, 20 сакавіка, у Вільні. Форум арганізаваны Соймам Літоўскай Рэспублікі ў супрацоўніцтве з Офісам Ціханоўскай. У межах Форуму палітыкі з Беларусі, Украіны, Малдовы, Эўразвязу, ЗША, Вялікабрытаніі абмяркуюць сітуацыю ў Беларусі.
Сярод тэмаў Форуму: як міжнародная супольнасць можа падтрымаць Беларускі Антываенны Рух, як вызваліць Беларусь ад захопнікаў і аслабіць рэжым Лукашэнкі. Удзельнікі Форуму плануюць засведчыць ясную падтрымку беларускай незалежнасці і суверэнітэту.
Увечары 20 сакавіка Ціханоўская разам з пасламі Украіны, Польшчы, ЗША, прадстаўнікамі МЗС Літвы ўскладзе кветкі да месца пахавання Каліноўскага на могілках Росы. А раніцай 21 сакавіка адбудуцца выступы і панэльныя дыскусіі. Форум адкрыюць прэм’ерка Літвы Інгрыда Шыманітэ, спікерка Сеймаса Вікторыя Чмілітэ, старшыня камітэту па замежных справах Сенату ЗША Боб Менэндэс. Далей выступіць прадстаўнік ЗША ў АБСЭ Майк Карпентэр, намеснік міністра замежных справаў Украіны, прадстаўнікі Чэхіі, Нямеччыны, ЗША, Польшчы, Францыі, Швецыі, Эстоніі, Латвіі. У дыскусіі парламентароў бяруць удзел спікерка парламенту Чэхіі, віцэспікер Сенату Польшчы Міхал Каміньскі, кіраўніца камітэту замежных справаў парламенту Малдовы Дойна Герман і іншыя. Агулам чакаецца больш за 40 выступаў.